Канцэрн «Белляспаперпрам» павялічыў з пачатку 2016 года экспарт кардонна-папяровай прадукцыі на 18,3%.
Цэлюлозна-папяровымі прадпрыемствамі канцэрна ў студзені бягучага года пастаўлена на замежныя рынкі прадукцыі на 18,3% больш, чым у студзені 2015 года.
Экспартаваліся розныя віды паперы, кардона, вырабы з іх, а таксама шпалеры. Экспарт паперы і кардона на рынкі далёкага замежжа вырас на 25,4%, на рынкі краін СНД - на 3,2%.
Геаграфія паставак гэтай прадукцыі ахоплівае 17 краін. Сярод іх Польшча, Чэхія, Германія, Турцыя, Сербія, Венгрыя, Расія, Украіна, Грузія, краіны Балтыі, а таксама Шры-Ланка, рынак якой быў упершыню асвоены ў мінулым годзе. Экспарт шпалер павялічыўся на 54,2%. Рост аб'ёмаў забяспечаны ў асноўным за кошт нарошчвання паставак гэтага віду прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю (на 61,8% больш). З краін далёкага замежжа найбольшым попытам беларускія шпалеры карыстаюцца ў Літве, куды іх адгружана ў 2,1 разы больш, чым у студзені 2015 года.
У цэлым за першы месяц працы цэлюлозна-папяровыя прадпрыемствы канцэрна экспартавалі прадукцыі на 2,96 млн. долараў ЗША. Як адзначаюць маркетынгавыя службы прадпрыемстваў, добры старт продажаў у студзені, нават нягледзячы на тое, што пастаўкі фактычна пачынаюцца з другой дэкады месяца, служыць добрым зачынам для далейшага нарошчвання аб'ёмаў рэалізацыі.
Заключэнне кантрактаў з пачатку года - істотная перавага для замацавання сваіх пазіцый на рынку. Таму ў беларускіх пастаўшчыкоў кардонна-папяровай прадукцыі зараз ёсць нядрэнныя перадумовы для павелічэння на працягу года аб'ёмаў экспартных паставак.
У склад канцэрна «Беллеспаперапрам» уваходзіць 10 найбольш буйных у рэспубліцы прадпрыемстваў цэлюлозна-папяровай прамысловасці, якія кансалідавана вырабляюць 75% ад агульнага аб'ёму выпуску кардонна-папяровай прадукцыі ў краіне. Сярод іх такія прадпрыемствы як ААТ «Светлагорскі ЦКК», РУП «Завод газетнай паперы», прадпрыемствы холдынгу «Беларускія шпалеры», ААТ «Папяровая фабрыка «Спартак».