На ААТ базе «Мастоўдрэў» прайшоў адборачны раўнд прафесійных спаборніцтваў «Лесаруб-2016». У гэтым годзе спаборніцтвы былі прымеркаваны да пазачарговай атэстацыі вальшчыкаў лесу.
Удзел у спаборніцтвах прынялі 26 вальшчыкаў. Пераможцам спаборніцтваў у абсалютным заліку стаў Андрэй Калач з каманды Мастоўскага лесапункта, другое месца заняў яго таварыш па камандзе Павел Блыш, трэцім прызёрам стаў прадстаўнік каманды Бакштанскага лесапункта Уладзімір Мікішка.
У практыкаванні «камандная эстафета» перамагла каманда Мастоўскага лесапункта, каманда Слонімскага лесапункта заняла другое месца, Бакштанскага лесапункта - трэцяе.
Прызёры чэмпіянату былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі, а прафсаюзны камітэт заахвоціў грашовымі прэміямі не толькі прызёраў спаборніцтваў, але і ўдзельнікаў, якія занялі чацвёртыя, пятыя і шостыя месцы ў кожным практыкаванні.
Пры правядзенні атэстацыі вальшчыкаў лесу атэстацыйнай камісіяй было адзначана, што вальшчыкі, якія прымалі ўдзел у прафесійных спаборніцтвах, нашмат лепш спраўляліся як з тэарэтычным тэставаннем, так і з практычным іспытам па валцы дрэва і не мелі сур'ёзных праблем з захаваннем патрэбных параметраў спілоўкі.