Перспектывы развіцця супрацоўніцтва прадпрыемстваў канцэрна "Белляспаперпрам" з вядучым турэцкім дрэваапрацоўчым холдынгам "Кастамону" прапрацоўваюцца падчас візіту кіраўніцтва і экспертаў турэцкага холдынгу ў Беларусь з 30 мая па 3 чэрвеня 2016 г.
Гэты візіт арганізаваны ў рамках работы канцэрна «Белляспаперпрам» па развіцці гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з вядучымі дрэваапрацоўчымі кампаніямі Турэцкай Рэспублікі пры садзейнічанні Пасольства Беларусі у Турцыі.
Холдынг «Кастамону» уваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых кампаній дрэваапрацоўчай галіны ў Еўропе і спецыялізуецца на вытворчасці драўняных пліт МДФ, ДСП, ламініраваных падлогавых пакрыццяў, драўняных накладак і мэблевых панэляў. Кампанія мае заводы ў Турцыі, Румыніі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіне, Расіі. Гадавы аб'ём вытворчасці драўняных пліт складае больш за 4,5 млн куб. м. Гадавы абарот холдынгу ацэньваецца ў 1,4 млрд. даляраў ЗША.
Па выніках некалькіх раўндаў перамоваў старшыні канцэрна "Белляспаперпрам" Юрыя Назарава з кіраўніцтвам турэцкага холдынгу дасягнута дамоўленасць аб візіце дэлегацыі "Кастамону" у Беларусь з мэтай правядзення ацэнкі перспектыў развіцця стратэгічнага супрацоўніцтва кампаніі з беларускімі вытворцамі плітнай прадукцыі, цэлюлозы і цеплаізаляцыйных пліт.
Пасля завочнага вывучэння дзейнасці беларускіх прадпрыемстваў кампанія ўжо выказала зацікаўленасць у супрацоўніцтве з імі. Таму прыезд дэлегацыі ў Беларусь ужо практычны крок на шляху да рэалізацыі сумесных праектаў. Прадстаўнікі кампаніі ўжо падзяліліся сваім папярэднім бачаннем мадэлі супрацоўніцтва з беларускімі вытворцамі плітнай прадукцыі. Мяркуецца вытворчасць на існуючых магутнасцях прадукцыі пад маркай «Кастамону». Холдынг таксама не выключае дадатковыя інвестыцыі ў развіццё вытворчасці, перадачу тэхналогій і вопыту працы «Кастамону» беларускім прадпрыемствам, а таксама іх уключэнне ў збытавую сетку холдынгу.
Акрамя таго, кампанія пацвердзіла гатоўнасць прыцягнуць буйныя турэцкія мэблевыя брэнды, з якімі ў холдынгу маюцца даўнія кааперацыйныя сувязі, да стварэння такога кластара ў Беларусі для вытворчасці гатовай прадукцыі для рынку ЕАЭС. Турэцкая кампанія гатова разгледзець любыя прапановы беларускага боку па мадэлі супрацоўніцтва.
На працягу тыдня дэлегацыя наведае шэраг прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад канцэрна «Белляспаперпрам», якія вырабляюць драўнянавалакністыя, ізаляцыйныя і драўнянастружкавыя пліты, падлогавыя ламінаваныя пакрыцця, мэблю і цэлюлозна-папяровую прадукцыю.
Паралельна з праграмай наведвання прадпрыемстваў у г. Мінску адбудуцца кансультацыі паміж экспертамі па продажах і фінансістамі кампаніі «Кастамону» з прадстаўнікамі беларускага боку, у ходзе якіх плануецца абмеркаваць дэталі магчымай кааперацыі.
Падчас наведвання дэлегацыяй ААТ «Івацэвічдрэў» (2 чэрвеня) адбудзецца сустрэча старшыні канцэрна «Белляспаперпрам» Юрыя Назарава з кіраўніком дэлегацыі віцэ-прэзідэнтам холдынгу «Кастамону» Анурам Гювенам. Плануецца, што яны абмяркуюць магчымасці рэалізацыі сумеснага праекта па развіццю плітнай і мэблевай вытворчасці на базе ААТ «Івацэвічдрэў». Гэта прадпрыемства адным з першых у галіны рэалізавала інвестыцыйны праект па мадэрнізацыі вытворчасці і сёння з'яўляецца адным з беларускіх лідэраў у вытворчасці ламініраваных драўнянастружкавых пліт. Пры гэтым яно валодае патэнцыялам па развіцці мэблевай вытворчасці, у якім могуць быць задзейнічаны драўняныя пліты ўласнай вытворчасці. У сувязі з гэтым ёсць вялікая цікавасць у кааперацыі з турэцкім холдынгам.
3 чэрвеня ў Мінску па выніках наведвання прадпрыемстваў адбудуцца афіцыйныя перамовы кіраўніцтва канцэрна «Белляспаперпрам» з кіраўніцтвам холдынгу «Кастамону». У гэты ж дзень адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў турэцкай кампаніі з намеснікам прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Сямашка, падчас якой будуць абмеркаваны перспектывы супрацоўніцтва двух бакоў у сферы дрэваапрацоўчай прамысловасці.