Турэцкі дрэваапрацоўчы холдынг "Кастамону" бачыць перспектывы супрацоўніцтва з прадпрыемствамі канцэрна "Белляспаперпрам".
Пра гэта заявіў сёння ў час наведвання ААТ "Івацэвічдрэў" віцэ-прэзідэнт кампаніі Анур Гювен, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мы ведаем, што ў Беларусі, у сектары дрэваапрацоўчай прамысловасці і вытворчасці панэляў з драўняных матэрыялаў маюцца добрыя інвестыцыйныя магчымасці. Мы прыехалі для таго, каб абмеркаваць варыянты нашага супрацоўніцтва. Думаю, што для нас гэта будзе верная стратэгія, - сказаў Анур Гювен.
Холдынг "Кастамону" уваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых кампаній дрэваапрацоўчай галіны ў Еўропе і спецыялізуецца на вытворчасці драўняных пліт МДФ, ДСП, ламініраваных падлогавых пакрыццяў, драўняных накладак і мэблевых панэляў. Гадавы аб'ём вытворчасці складае 4,5 млн куб. м драўняных пліт. Гадавы абарот холдынгу ацэньваецца ў $ 1,4 млрд. Акрамя Турцыі кампанія мае заводы ў Румыніі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіне, Расіі.
Беларусь прадстаўнікі холдынгу наведваюць упершыню. Кампанія дэлегавала сюды каманду, у склад якой увайшлі самыя дасведчаныя тэхнічныя спецыялісты. Як адзначыў кіраўнік дэлегацыі, ужо сам гэты факт сведчыць пра сур'ёзнасць намераў кіраўніцтва холдынгу. На працягу трох дзён дэлегацыя наведала практычна ўсе мадэрнізаваныя прадпрыемствы канцэрна "Белляспаперпрам". "Сур'ёзныя інвестыцыі былі зроблены ў галіну, паспяховыя. Мы вас віншуем з гэтым, таму што разумеем, наколькі гэта няпроста. Тыя, хто працуюць цяпер у гэтым сектары, маюць саракагадовы вопыт на рынку. З імі нялёгка канкураваць. Мы бачым ваш поспех", - ацаніў намаганні беларускіх калег Анур Гювен.
У ААТ "Івацэвічдрэў" турэцкім гасцям паказалі вытворчыя цэхі і пляцоўкі. Гэта прадпрыемства адным з першых у галіны рэалізавала праект па мадэрнізацыі вытворчасці і сёння ўваходзіць у лік беларускіх лідэраў у вытворчасці ламініраваных драўнянастружкавых пліт. Як паведаміў генеральны дырэктар акцыянернага таварыства Уладзімір Шульга, у мінулым годзе тут вырабілі 276 тыс. куб. м пліт. У бягучым плануюць нарасціць аб'ёмы на 20%. Пры гэтым "Івацэвічдрэў" валодае патэнцыялам па развіцці мэблевай вытворчасці. Ёсць ідэя пабудаваць пелетны завод. Напрамкі кааперацыі з турэцкім холдынгам могуць быць розныя. "Гэта сур'ёзная кампанія з добрым вопытам работы, магутнымі прадпрыемствамі. У чым мы адзін аднаму можам быць карысныя? З вытворчасцю пліт, думаю, мы справімся самі. Што датычыцца сумесных продажаў на рынках, дзе яны працуюць, - гэта можам разглядаць. У іх больш вопыту ў гэтым. У прынцыпе, хацелася б з кампаніяй мець стратэгічнае супрацоўніцтва. Варыянты ёсць розныя" - падзяліўся меркаваннем Уладзімір Шульга.
"І краіна, і людзі нам вельмі спадабаліся. Таму, я мяркую, што мы злучым сілы, і з'явяцца добрыя праекты, выгадныя для абодвух бакоў", - рэзюмаваў кіраўнік турэцкай дэлегацыі.
Падчас наведвання дэлегацыяй ААТ "Івацэвічдрэў" адбылася сустрэча старшыні канцэрна "Белляспаперпрам" Юрыя Назарава з віцэ-прэзідэнтам турэцкай кампаніі Анурам Гювеном. Афіцыйныя перамовы кіраўніцтва канцэрна і холдынгу "Кастамону" пройдуць заўтра ў Мінску.
БЕЛТА
Глядзець фота БЕЛТА: http://photobelta.by/ru/photos?rubric_id=&theme_id=51965&id=272884&page=1