Холдынг «Кастамону» зацікаўлены ў нарошчванні аб'ёмаў вытворчасці драўнянай плітнай прадукцыі ў Беларусі.
Пра гэта сёння заявіў віцэ-прэзідэнт кампаніі Анур Гювен на перамовах са старшынёй канцэрна «Белляспаперпрам» Юрыем Назаравым.
Ён, у прыватнасці, адзначыў, што бачыць вялікі патэнцыял у мадэрнізаваных дрэваапрацоўчых прадпрыемствах канцэрна, якія валодаюць кваліфікаваным персаналам і аснашчаны неабходным тэхналагічным абсталяваннем. Драўняныя пліты (ДСП, МДФ / ХДФ), якія выпускаюць гэтыя заводы, паводле ацэнак экспертаў кампаніі, маюць высокую якасць і попыт на знешніх рынках. Адзіная перашкода для росту продажаў - кошт. Гэта галоўнае, над чым трэба працаваць.
- Холдынг «Кастамону» гатовы зрабіць неабходныя ўкладанні ў тое, каб знізіць сабекошт вытворчасці на беларускіх заводах і сумесна выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, якая будзе рэалізоўвацца праз дыстрыбутарскую сетку «Кастамону», - сказаў Анур Гювен.
Ён таксама падкрэсліў, што вялікую цікавасць уяўляе інавацыйная прадукцыя, выпуск якой асвоіў РУП «Мазырскі ДАК» - ізаляцыйныя драўнянавалакністыя пліты. Яны ўсё больш набіраюць папулярнасць у Еўропе і могуць быць цікавыя турэцкаму рынку.
- У Турцыі надаецца вялікая ўвага энергазберагальным тэхналогіям, таму пры будаўніцтве новых дамоў у абавязковым парадку выкарыстоўваюцца ізалявальныя матэрыялы, - растлумачыў прадстаўнік кампаніі. - Пліты мазырскага завода - гэта універсальны экалагічны матэрыял, які можна ўжываць у аздабленні розных канструкцый. Мы гатовыя прасоўваць гэты прадукт на рынку ў Турцыі і шчыльна працаваць з беларускім вытворцам.
Яшчэ адным перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва па ацэнцы кампаніі можа стаць цэлюлозна-папяровая галіна. Холдынг «Кастамону» закупляе значныя аб'ёмы цэлюлозы для ўласнай вытворчасці папяровай прадукцыі гігіенічнага прызначэння. Таму для іх уяўляе вялікую цікавасць завод сульфатнай беленай цэлюлозы, што будуецца на базе ААТ "Светлагорскі ЦКК".
Анур Гювен прапанаваў беларускаму боку разгледзець магчымасці ўдзелу холдынгу ў вытворчасці гэтай прадукцыі і пастаўкі яе ў Турцыю. Высокую ацэнку спецыялісты кампаніі далі арганізацыі вытворчасці і якасці прадукцыі ААТ «Івацэвічдрэў», які спецыялізуецца на выпуску драўнянастружкавых пліт. Анур Гювен адзначыў, што бачыць перспектыўным павелічэнне яго аб'ёмаў вытворчасці за кошт увядзення дадатковых магутнасцяў, і холдынг «Кастамону» гатовы разгледзець варыянты сумеснай работы ў гэтым кірунку.
Старшыня канцэрна «Белляспаперпрам» Юрый Назараў у сваю чаргу адзначыў, што для беларускіх вытворцаў плітнай прадукцыі, рынак якой з'яўляецца высокаканкурэнтным, супрацоўніцтва з адным з найбуйнейшых дрэваапрацоўчых холдынгаў у Еўропе, з'яўляецца стратэгічна важным. Ён падкрэсліў, што адносна невялікім вытворцам цяжка канкураваць з лідэрамі рынка. Перспектыва для іх - гэта партнёрства з буйнымі кампаніямі, якія маюць вядомы брэнд і заслужаную рэпутацыю на сусветных пляцоўках. Таму выхад канцэрна на кампанію «Кастамону» з прапановай аб супрацоўніцтве - гэта адна з ключавых стратэгій па павышэнні аб'ёмаў продажаў вырабленай прадукцыі.
Бакі дамовіліся, што па выніках візіту будуць падрыхтаваны дэталёвыя прапановы па варыянтах супрацоўніцтва і праекты бізнес-планаў сумеснай працы.
Даведачна: Кампанія "Кастамону" утворана ў 1969 годзе ў складзе холдынгу HAYAT, які вядзе працу з 1937 года. Спецыялізуецца на вытворчасці драўняных пліт МДФ, ДСП, ламініраваных падлогавых пакрыццяў, дзвярных накладак і мэблевых панэляў. На дадзены момант кампанія мае 8 заводаў у Турцыі, заводы ў Румыніі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіне, Расіі. Гадавы аб'ём вытворчасці драўняных пліт - больш за 4,5 млн. куб. м. Акрамя таго, кампанія з'яўляецца лідэрам у цэлюлозна-папяровай галіне Турцыі. «Кастамону» уваходзіць у лік сямі найбуйнейшых кампаній дрэваапрацоўчай галіны ў Еўропе, гадавы абарот складае 1,4-1,5 млрд. долараў ЗША.