Дэкрэт аб падтрымцы экспарцёраў знаходзіцца ў вялікай ступені гатоўнасці, паведаміў журналістам старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч перад цырымоніяй узнагароджання пераможцаў конкурсу «Лепшы экспарцёр 2018 года».
Адказваючы на пытанне аб тым, на якой стадыі знаходзіцца гэты дакумент, Уладзімір Улаховіч адзначыў: «Ён практычна гатовы».
Гаворка ідзе аб дакуменце, у якім будуць прапісаныя меры па кампенсацыі з бюджэту выдаткаў на сертыфікацыю прадукцыі, а таксама на ўдзел у галіновых выставах. Як адзначыў кіраўнік БелГПП, сертыфікаты бываюць вельмі дарагімі, асабліва на еўрапейскім рынку.
Каментуючы ў цэлым становішча спраў у экспарце, Уладзімір Улаховіч звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць розныя інструменты яго падтрымкі, у тым ліку фінансавыя. Конкурс «Лепшы экспарцёр», на думку кіраўніка БелГПП, таксама з'яўляецца адным з важных элементаў падтрымкі. Акрамя таго, ёсць практыка замацавання за асобнымі чыноўнікамі тых ці іншых краін для нарошчвання аб'ёмаў беларускага экспарту. Такім чынам, адзначыў Уладзімір Улаховіч, сістэма развіцця экспарту ў рэспубліцы збудавана.
Аднак канкураваць на глабальным рынку з кожным годам становіцца ўсё цяжэй: сустракаюцца выпадкі нядобрасумленнай канкурэнцыі, пратэкцыянізму і іншых з'яў. «Гэта той выклік, з якім нам прыйдзецца змагацца і дасягаць вынікаў. Я думаю, пасля размовы ў Прэзідэнта ў нас па другім квартале будуць дасягнуты тыя паказчыкі, якія павінны быць», - рэзюмаваў кіраўнік БелГПП.
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу «Лепшы экспарцёр 2018 года» прайшла сёння ў Мінску. Пераможцамі сталі 22 прадпрыемствы, сярод якіх і прадпрыемствы канцэрна. Асноўным арганізатарам конкурсу з'яўляецца БелГПП.
Па інфармацыі БЕЛТА.