Сёння ў канцэрне «Белляспаперпрам» адбылася сустрэча з дэлегацыяй Федэрацыі лясной прамысловасці Фінляндыі.
Падчас сустрэчы старшыні канцэрна «Белляспаперпрам» Юрыя Назарава са старэйшым мэнэджарам названай Федэрацыі Юхай Палакангасам і прафесарам школы эканомікі ўніверсітэта Турку, дырэктарам Пан-Еўрапейскага інстытута Кары Ліухта былі абмеркаваныя актуальныя пытанні працы і перспектывы развіцця дрэваапрацоўчай вытворчасці ў Беларусі і Фінляндыі, а таксама агавораныя магчымыя напрамкі гандлёва-эканамічнага развіцця беларускіх дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў з кампаніямі Федэрацыі лясной прамысловасці Фінляндыі.
Госці таксама наведалі прадпрыемства канцэрна ААТ «Барысаўскі ДАК», азнаёміліся з яго вытворчасцю і экспартнай прадукцыяй. Асаблівую цікавасць выклікалі драўляныя хаты, паліўныя гранулы (пелеты), а таксама шэраг іншай прадукцыі з драўніны.
У праграме знаходжання таксама наведванне Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, лесагаспадарчых арганізацый і Беларускай універсальнай таварнай біржы.
Заўтра ў канцэрне «Белляспаперпрам» адбудзецца падвядзенне вынікаў візіту. З улікам усіх сустрэч і перамоў бакі абмяркуюць магчымыя кірункі супрацоўніцтва.
Фінляндыя для прадпрыемстваў канцэрна новы рынак, але пры гэтым, нягледзячы на высокі ўзровень развіцця ў гэтай краіне ўласнай лесапрамысловай вытворчасці, ён з'яўляецца перспектыўным. Калі летась былі ажыццёўлены пастаўкі пробных партый тавараў, то ўжо сёлета пачаліся рытмічныя адгрузкі. За студзень-красавік у гэтую краіну пастаўленыя драўняна-стружкавыя пліты і драўняныя шчэпкі на суму 262,1 тыс. долараў ЗША. Задача прадпрыемстваў - нарошчваць экспарт у Фінляндыю да больш буйных аб'ёмаў. Акрамя таго, вялікі патэнцыял ёсць па развіцці інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Вопыт і інвестыцыі фінскіх кампаній, асабліва, у цэлюлозна-папяровай прамысловасці, могуць быць высока запатрабаваныя ў Беларусі.
На фота: госці падчас наведвання БДТУ.
Прэс-служба канцэрна «Белляспаперпрам»