У Беларусі на паўгода ўводзіцца ліцэнзаванне экспарту асобных відаў лесаматэрыялаў за межы Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 17 чэрвеня 2019 года №401.


Экспарт з Беларусі за межы мытнай тэрыторыі ЕАЭС асобных відаў лесаматэрыялаў цвёрдалісцевых парод будзе магчымы па разавых ліцэнзіях. Іх будзе выдаваць МАРГ (Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю) па ўзгадненні з «Белляспаперпрамам». Падстава для выдачы разавай ліцэнзіі - заключанае паміж канцэрнам і арганізацыяй пагадненне аб умовах паставак лесаматэрыялаў цвёрдалісцевых парод.

Міністэрству замежных спраў даручана ва ўстаноўленым парадку апавясціць Еўразійскую эканамічную камісію і Выканаўчы камітэт СНД аб мерах па абмежаванні экспарту лесаматэрыялаў цвёрдалісцевых парод і ўнесці на разгляд Еўразійскай эканамічнай камісіі прапанову аб прымяненні іншымі дзяржавамі - членамі ЕАЭС аналагічных мер.

Асноўныя пункты пастановы ўступаюць у сілу праз 10 дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання і дзейнічаюць на працягу шасці месяцаў.

Прыняцце дадзеных мер абумоўлена неабходнасцю эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання каштоўнай драўнянай сыравіны цвёрдалісцевых парод драўніны (дуб, ясень, клён), захавання парытэту нарыхтоўкі і забеспячэння сыравінай дзеючых дрэваапрацоўчых вытворчасцей рэспублікі, ліквідацыі дэфіцыту драўніны цвёрдалісцевых парод і забеспячэння бесперабойнай працы беларускіх мэблевых і дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якія вырабляюць прадукцыю з высокай ступенню дабаўленага кошту і запатрабаваную на многіх рынках збыту.

У Рэспубліцы Беларусь запасы драўніны цвёрдалісцевых парод нязначныя, штогод нарыхтоўваецца ў сярэднім 34-43 тыс. куб. м, пры гэтым толькі арганізацыі канцэрна «Белляспаперпрам» могуць штогод перапрацоўваць каля 60 тыс. куб. м дзелавой драўніны цвёрдалісцевых парод. Яшчэ 45 тыс. куб. м могуць перапрацоўваць прадпрыемствы без ведамаснай падпарадкаванасці, 5 тыс. куб. м спажываюць дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, відавочна, што ў краіне назіраецца дэфіцыт гэтай каштоўнай сыравіны, таму яго неабгрунтаваны экспарт праблему толькі абвострыць.

Сёння мэблевыя прадпрыемствы канцэрна забяспечваюць самую глыбокую і эфектыўную перапрацоўку драўніны цвёрдалісцевых парод, у прыватнасці, дуба. Гэтая каштоўная драўніна выкарыстоўваецца для вырабу мэблі класа прэміум. Намаганнямі вопытных і майстэрскіх рабочых, інжынераў, канструктараў і дызайнераў ствараецца камфартабельная мэбля - высокамастацкія наборы і гарнітуры. Якасць такой беларускай мэблі шырока вядома за межамі нашай краіны.

Несумненна, экспарт мэблі значна больш выгадны ў параўнанні з экспартам сыравіны або простых піламатэрыялаў. З 1 кубічнага метра драўніны дуба можна вырабіць мэблі на 5 тысяч еўра і атрымаць экспартную выручку ў 8 разоў больш. Відавочна, дзяржава зацікаўлена ў перапрацоўцы гэтай сыравіны ўнутры краіны. Устанаўленне рэжыму абмежавання ў рамках нетарыфнага рэгулявання экспарту з Рэспублікі Беларусь за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза асобных відаў лесаматэрыялаў з цвёрдалісцевых парод практыкуецца з 2016 года і, з улікам існуючага дэфіцыту каштоўных парод драўніны, гэтыя меры застаюцца актуальнымі.

Асноватворным крытэрыем прыняцця канцэрнам рашэння для ўзгаднення заявы на выдачу ліцэнзіі на экспарт некаторых відаў лесаматэрыялаў цвёрдалісцевых парод застанецца глыбіня перапрацоўкі драўніны экспартуемага прадукту.
Выкананне ўмоў дадзенага крытэра заяўнік абавязаны пацвердзіць адпаведнымі дакументамі, у тым ліку якія сведчаць легальнасць паходжання сыравіны.

Канцэрн узгадняе заяву аб выдачы ліцэнзіі на экспарт лесаматэрыялаў цвёрдалісцевых парод пры наяўнасці заключанага паміж канцэрнам і арганізацыяй-экспарцёрам пагаднення аб умовах паставак лесаматэрыялаў цвёрдалісцевых парод, галоўным з якіх вызначана, як мы ўжо адзначалі, глыбіня перапрацоўкі.

Тэкст пастановы (афіцыйнае апублікаванне)

Прэс-служба канцэрна  «Белляспаперпрам»