У конкурсе-пленэры майстроў разьбы па дрэве "Пераўвасабленне дрэва" перамогу атрымаў майстар з ААТ "ФанДАК".


На працягу тыдня (з 5 па 12 ліпеня) 26 разьбяроў з розных абласцей Беларусі выраблялі скульптуры з дрэва, якія ў выніку прадставілі на суд журы і гледачоў. Конкурс праходзіў пад Бабруйскам на базе адпачынку "Вербкі" ААТ "ФанДАК".

Самы высокі баль па выніках конкурсу набраў разьбяр ААТ "ФанДАК" Уладзімір Калінкін. У конкурсе-пленэры ён удзельнічаў упершыню. Ён вырабіў з драўніны ліпы глушца.

– Глушэц такуе ранняй вясной, калі ў лесе яшчэ ляжыць снег. Гэта адна з маіх любімых птушак, – распавёў Уладзімір Міхайлавіч.
Майстар лічыць, што яго скульптура найбольш удала ўпішацца ў інтэр'ер паляўнічай хаткі.

Другое месца ў конкурсе падзялілі Мікалай Ярэц і Мікалай Саўко з ААТ "Мастоўдрэў".

Дыплом трэцяй ступені атрымалі Аляксей Градуленка з г. Жлобіна, Сяргей Малкоў з ААТ "ФанДАК" і Аляксандр Аленін з г.Бабруйска.

Шэраг удзельнікаў былі ўдастоены спецыяльных прэмій і прызоў ад розных арганізацый.

Плануецца, што працы, зробленыя падчас конкурсу-пленэру, як і ў мінулым годзе, будуць перададзеныя Бабруйску для добраўпарадкавання вуліц, паркаў і ўстаноў. А манументальныя (вялікія скульптуры) застануцца на базе адпачынку «Вербкі», і з часам тут з'явіцца музей скульптур пад адкрытым небам.

Па інфармацыі: «Вячерні Бабруйск»