Кожнае паўгоддзе на РУП "Завод газетнай паперы" падводзяцца вынікі працы кожнага структурнага падраздзялення, адзначаюцца лепшыя з лепшых работнікаў. Для многіх гэта стымул дасягаць высокіх вынікаў у працы.


Ужо не першы год Дошку гонару ўпрыгожвае фотаздымак накатчыка цэха па вытворчасці паперы-асновы Дзмітрыя Мельнікава.

Дзмітрый Вячаслававіч працуе на заводзе з моманту яго заснавання. У свой час мужчына скончыў Жыліцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы каледж, а затым прайшоў курс навучання па прафесіі накатчык. Працуючы ў цэху па вытворчасці газетнай паперы, зарэкамендаваў сябе адказным работнікам, сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. І ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі ад 30 жніўня 2012 г. быў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».

Пасля запуску новай вытворчасці паперы-асновы Дзмітрый Мельнікаў прайшоў дадатковае навучанне і быў пераведзены ў новы цэх. Яго асноўная задача - сачыць за якасцю паперы, якая павінна адпавядаць вызначаным параметрам вагі, вільготнасці і г. д.

Працуючы 11 гадоў на заводзе, Дзмітрый Вячаслававіч ўваходзіць у лік самых вопытных яго работнікаў. І з задавальненнем дзеліцца сваім вопытам з моладдзю.

Крыніца: http://shklovinfo.by