Старшыня канцэрна "Белляспаперпрам" Юрый Назараў сустрэўся сёння з працоўным калектывам ААТ «Светлагорскі ЦКК».
У рамках работы рэспубліканскай інфармацыйнай групы кіраўнік канцэрна асвятліў пытанні прафілактыкі наркаманіі ў Рэспубліцы Беларусь. Юрый Назараў падкрэсліў, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на Пятым Усебеларускім народным сходзе асабліва адзначыў: «Нельга недаацэньваць такую вострую для нашага грамадства праблему, як алкагалізм і наркаманія... Бо гэтая бяда наносіць удар як па канкрэтным людзям і сем'ям, так і па генетычнаму коду ўсёй нацыі і іміджу народа. Таму і змагацца за здаровы лад жыцця трэба ўсім светам!».
Паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у 2012-2014 гадах абстаноўка ў краіне, звязаная з незаконным абаротам наркотыкаў, характарызавалася значным ростам нарказлачынстваў, павелічэннем колькасці наркаспажыўцоў (у першую чаргу спайсу) і іх амаладжэннем. За 2014 год прырост нарказлачынстваў склаў больш за 46%.
Сітуацыя была стабілізаваная пасля падпісання кіраўніком дзяржавы 28 снежня 2014 г. Дэкрэта № 6 "Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў". Комплексны падыход да вырашэння праблемы наркотыкаў прынёс адчувальныя вынікі.
Як паведаміла МУС, колькасць зарэгістраваных нарказлачынстваў з 2014 года па 2018 год скарацілася ў 1,5 разы (2014 год - 7,3 тыс., 2018 год – 4,9 тыс.), а здзейсненых непаўналетнімі альбо з іх удзелам – амаль у 5 разоў (з 466 у 2014 годзе да 97 у 2018 годзе). Удзельная вага нарказлачынстваў у масе агульнакрымінальных злачынстваў знізілася з 7,8% у 2014 годзе да 5,9% у 2018 годзе.
Старшыня канцэрна таксама агучыў прысутным інфармацыю аб прымаемых дзяржавай і грамадскімі арганізацыямі мерах па прафілактыцы наркаманіі і барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў, аб арганізацыі лячэння і рэабілітацыі залежных, аб мерах адказнасці за правапарушэнні, звязаныя з наркотыкамі і аб тым, якая Інфармацыйна-прапагандысцкая праца праводзіцца ў Беларусі па прадухіленні распаўсюджвання наркотыкаў і прафілактыкі наркаманіі. Адным з інструментаў гэтай працы з'яўляюцца сацыяльныя відэаролікі на тэму нарказалежнасці і яе наступстваў. Шэраг з іх былі прадэманстраваны ў ходзе сённяшняй сустрэчы.
Рэзюмуючы свой выступ, Юрый Віктаравіч падкрэсліў, што змагацца з гэтай небяспечнай з'явай сучаснага грамадства трэба разам і сваім асабістым прыкладам паказваць падрастаючаму пакаленню, што самы правільны шлях - гэта цвярозы і здаровы лад жыцця. Толькі так чалавек па-сапраўднаму можа рэалізаваць сябе і быць паўнавартасным членам грамадства.
У рамках наведвання старшынёй канцэрна прадпрыемства былі разгледжаны і бягучыя вытворчыя пытанні Светлагорскага ЦКК. Была дадзена ацэнка ходу пуска-наладачных работ на заводзе сульфатнай беленай цэлюлозы, выкананню вытворчай праграмы па выпуску кардонна-папяровай прадукцыі, а таксама магчымасці рэалізацыі новых праектаў, накіраваных на пашырэнне асартыменту выпускаемай прадукцыі.
Светлагорскі ЦКК сёння - стабільнае прадпрыемства, якое забяспечвае выкананне запланаваных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аб'ём вытворчасці ў параўнанні з першым паўгоддзем 2018 года вырас у 3,2 разы, экспарт - у 6 разоў, сярэдні заробак-амаль у 1,8 разы. У цяперашні час сярэдняя заработная плата па прадпрыемстве складае больш 1420 рублёў. У акцыянерным таварыстве працуе 2575 работнікаў.
Прэс-служба канцэрна "Белляспаперпрам"