Пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў сферы лесапрамысловага комплексу і вытворчасці мэблі будуць у цэнтры ўвагі беларуска-польскага эканамічнага форуму, які адбудзецца 9 верасня ў г.Познань (Польшча).


Форум праводзіцца ў рамках Міжнароднай выставы машын і абсталявання дрэваапрацоўчай і мэблевай галін "DREMA 2019", якая пройдзе 10-13 верасня ў Міжнародным выставачным цэнтры Познані.

У складзе беларускай дэлегацыі кіраўнікі канцэрна "Белляспаперпрам", Мінлясгаса, Асацыяцыі прадпрыемстваў мэблевай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, адміністрацый свабодных эканамічных зон Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, а таксама прадстаўнікі многіх беларускіх прадпрыемстваў, якія працуюць у сферы лясной, дрэваапрацоўчай і мэблевай прамысловасці.

Форум праводзіцца пад эгідай Пасольства Рэспублікі Беларусь у Польшчы ў партнёрстве з польскай эканамічнай палатай дрэваапрацоўчай прамысловасці.

У рамках форуму плануецца абмеркаваць актуальныя пытанні развіцця дрэваапрацоўчай галіны Беларусі і Польшчы, у тым ліку пытанні, звязаныя з арганізацыяй двухбаковага гандлю драўнянымі матэрыяламі, аховай і абаронай ляснога фонду, вытворчасцю экалагічна бяспечнай папяровай упакоўкі. Адбудзецца панэльная сесія па актуальных пытаннях вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі дрэваапрацоўкі, В2В перамовы з вядучымі польскімі кампаніямі, занятымі ў сферы дрэваапрацоўчай прамысловасці, у тым ліку з вытворцамі плітнай прадукцыі, піламатэрыялаў, драўляных дамоў, клеенага бруса і мэблі.

На форуме беларускія прадпрыемствы разлічваюць на ўсталяванне новых кантактаў і дасягненне дамоўленасцяў аб павелічэнні аб'ёмаў узаемнага гандлю.
Для беларускіх вытворцаў прадукцыі дрэваапрацоўкі польскі рынак адзін з самых значных. Па аб'ёмах продажаў ён на другой пазіцыі пасля Расійскай Федэрацыі. У 2018 годзе прадпрыемствы канцэрна экспартавалі ў Польшчу прадукцыі на 82,4 млн долараў ЗША, што на 32% больш, чым у 2017 годзе. Сёлета пастаўкі крыху знізіліся, і гэта падстава для беларускіх вытворцаў надаць новы імпульс супрацоўніцтву з польскімі партнёрамі. Сваю прадукцыю айчынныя прадпрыемствы прадставяць на кансалідаваным стэндзе на Міжнароднай выставе машын і абсталявання дрэваапрацоўчай і мэблевай галін «DREMA 2019».

Адкрыццё выставы адбудзецца 10 верасня, ва ўрачыстай цырымоніі прымуць удзел і беларускія прадстаўнікі.

Выстава DREMA ўключае шырокі спектр напрамкаў і ўяўляе перадавыя тэхналогіі ў сферы дрэваапрацоўчай і мэблевай вытворчасці. Увесь блок выставы збярэ каля 500 экспанентаў. Дадатковай перавагай выставы з'яўляецца праходзячыя у той жа самы час Міжнародная выстава кампанентаў для вытворцаў мэблі FURNICA і Міжнародная выстава абівальных матэрыялаў і кампанентаў для вытворчасці мяккай мэблі SOFAB. Дадзеныя мерапрыемствы з'яўляюцца абавязковымі ў календары ўсіх вытворцаў мэблі, якія бачаць канкурэнтную перавагу ў інавацыях.

Прэс-служба канцэрна " Белляспаперпрам"