Пытанні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай прамысловасці Беларусі з польскімі кампаніямі былі сёння абмеркаваныя падчас міжнароднай спецыялізаванай выставы Drema 2019, якая адкрылася ў дзелавым цэнтры Познані.
Так з кіраўніцтвам Міжнароднага выставачнага цэнтра Познані былі абмеркаваныя пытанні арганізацыі і правядзення сумесных беларуска-польскіх выстаў. З улікам таго, што дрэваапрацоўчая прамысловасць актыўна развіваецца і ў Беларусі, і ў Польшчы, і ёсць зацікаўленасць абодвух бакоў у больш глыбокай кааперацыі, такія выставы прынясуць большы эфект і прыцягнуць больш новых партнёраў.
Таксама падчас наведвання выставачнай экспазіцыі прадстаўнікі беларускіх прадпрыемстваў абгаварылі з шэрагам экспануемых кампаній магчымасці супрацоўніцтва.
Перамовы праходзілі і на беларускім стэндзе. У суправаджэнні Пасла Беларусі ў Польшчы Уладзіміра Чушава экспазіцыю Беларусі наведаў кіраўнік найбуйнейшай мэблевай кампаніі ў Еўропе г-н Шынака. Ён яшчэ раз запэўніў беларускага дыпламата ў сваіх намерах развіваць супрацоўніцтва з беларускімі кампаніямі.
Ён таксама запрасіў прадстаўнікоў канцэрна "Белляспаперпрам" і Асацыяцыі прадпрыемстваў мэблевай і дрэваапрацоўчай прамысловасці наведаць адну з фабрык сваёй кампаніі.
Падчас наведвання фабрыкі, якая знаходзіцца недалёка ад Познані, беларускія спецыялісты азнаёміліся з вопытам арганізацыі вытворчасці мэблі для кухні, а таксама абмеркавалі магчымыя пастаўкі ў адрас гэтай фабрыкі драўнянай плітнай прадукцыі і ўпаковачных матэрыялаў.
Выстава Drema 2019 працягне сваю працу да 13 верасня.
Прэс-служба канцэрна " Белляспаперпрам"