Адно з найстарэйшых мэблевых прадпрыемстваў Беларусі ААТ "Слоніммэбля" адзначыла 80-гадовы юбілей. Працоўнаму калектыву аб'яўлена падзяка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь.


Урачыстасць адбылася напярэдадні прафесійнага свята - Дня работнікаў лесу 13 верасня.

Ад імя старшыні канцэрна "Белляспаперпрам" Юрыя Назарава і ўсіх работнікаў арганізацый галіны працоўны калектыў фабрыкі павіншаваў намеснік старшыні канцэрна Міхаіл Касько. Ён жа ўручыў заслужаную ўзнагароду калектыву ад урада, якой ААТ "Слоніммэбля" адзначана за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, значны ўклад у развіццё дрэваапрацоўчай і мэблевай прамысловасці.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстага сходу Міхаіл Касько адзначыў, што ААТ «Слоніммэбля» - прызнаны лідар сярод вытворцаў мэблі ў Рэспубліцы Беларусь. Яго прадукцыя шырока вядома і карыстаецца ўстойлівым попытам як унутры краіны, так і далёка за яе межамі. Высокая якасць, цікавы дызайн мэблі, годны ўзровень працы з партнёрамі і спажыўцамі фабрыкі набылі ёй аўтарытэт і павагу ў мэблевай галіне.

Прадпрыемства - шматразовы пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, уладальнік шматлікіх дыпломаў і ўзнагарод, якія сведчаць аб адказным стаўленні да сваёй справы ўсіх работнікаў фабрыкі.

Высокія вынікі вытворчай дзейнасці ААТ «Слоніммэбля» - заслуга ўсіх без выключэння пакаленняў працаўнікоў прадпрыемства, і тых, хто шмат дзесяцігоддзяў таму закладвалі добрыя традыцыі, і тых, хто сёння ўносіць вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне гэтых традыцый і ўвасабляе новыя ідэі і праекты ў жыццё.

У гэты знамянальны дзень мы шчыра жадаем усім работнікам, ветэранам і партнёрам ААТ «Слоніммэбля» моцнага здароўя і росквіту, аптымізму і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні! І хай усе дасягненні работнікаў фабрыкі паслужаць трывалым падмуркам для ўпэўненага і дынамічнага развіцця прадпрыемства ў будучыні!

Заслужанымі ўзнагародамі канцэрна «Белляспаперпрам» былі адзначаны лепшыя работнікі фабрыкі.

Ганаровай граматай канцэрна узнагароджаны дырэктар ААТ «Слоніммэбля» МАРКУШЭЎСКІ Уладзімір Уладзіміравіч.

Граматай канцэрна ўзнагароджаныя: ЛАЎРЫНОВІЧ Наталья Пятроўна, вядучы інжынер арганізацыі і нармавання працы ААТ «Слоніммэбля», РЭПНІЦКАЯ Жанна Іванаўна, аддзелачнік вырабаў з драўніны ААТ «Слоніммэбля».

Падзяка старшыні канцэрна «Белляспаперпрам» абвешчаная ДАРОШУ Міхаілу Аляксандравічу, прыбіральніку тэрыторыі ААТ «Слоніммэбля» і РУХЛЕВІЧУ Віталю Леанідавічу, абліцоўшчыку дэталяў мэблі ААТ «Слоніммэбля».

Прэс-служба канцэрна «Белляспаперпрам»