Вытворчы і экспартны патэнцыял беларускай цэлюлозна-папяровай прамысловасці быў прадстаўлены на міжнароднай канферэнцыі ў Аўстрыі.
У гэтыя дні ў сталіцы Аўстрыі г. Вене праходзіць 5-я міжнародная канферэнцыя, прысвечаная прыярытэтам развіцця цэлюлозна-папяровай прамысловасці і лясному комплексу ў цэлым.
Беларусь на канфэрэнцыі прадстаўляе дэлегацыя канцэрна «Белляспаперпрам». Яе ўзначаліў начальнік упраўлення цэлюлозна-папяровай і лесахімічнай вытворчасці канцэрна Аляксандр Пшонны. У складзе кіраўнікі вядучых цэлюлозна-папяровых прадпрыемстваў Беларусі: ААТ «Светлагорскі ЦКК», РУП «Завод газетнай паперы», ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Беларускія шпалеры», а таксама вядучага вытворцы папяровай упакоўкі ў Беларусі ТАА «Суперпак Компані».
На канферэнцыі была прэзентаваная праца лесапрамысловага комплексу Беларусі і перспектывы развіцця галіны. Адным з ключавых напрамкаў эфектыўнага выкарыстання наяўнай ў рэспубліцы драўнянай сыравіны з'яўляецца цэлюлозна-папяровая прамысловасць. У краіне ўжо рэалізавана некалькі буйных праектаў у гэтай сферы і ідзе актыўная праца над новымі перспектыўнымі праектамі.
Так, для задавальнення патрэбнасці папяровых прадпрыемстваў рэспублікі ў цэлюлозе, пашырэння асартыменту выпускаемай прадукцыі і павышэння яе якасці, развіцця экспартнага патэнцыялу, а таксама з улікам наяўнасці сыравінных рэсурсаў, у Рэспубліцы Беларусь быў пабудаваны новы завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на базе Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Завод выйшаў на ўстойлівы рэжым працы і паступова нарошчвае аб'ёмы выпуску прадукцыі. За 11 месяцаў бягучага года выпушчана больш за 125 тыс. тон цэлюлозы. У цэлым у 2019 годзе плануецца вырабіць каля 150 тыс. тон цэлюлозы.
Прадукцыя завода ў поўным аб'ёме рэалізуецца айчынным і замежным спажыўцам, дзе выкарыстоўваецца ў далейшым для вытворчасці высакаякаснай паперы для друку, пісьма, паперы для шпалер, паперы-асновы санітарна-гігіенічнага прызначэння, а таксама для вытворчасці высакаякасных відаў паліграфічнага і пакавальнага кардона.
Вытворчасць новых відаў паперы асвоена на заводзе газетнай паперы. Прадукцыя атрымала сваё прымяненне ў вырабе якаснай экалагічнай упакоўкі для харчовай прамысловасці. Мадэрнізаваны фабрыкі, якія вырабляюць папяровыя санітарна-гігіенічныя вырабы. Уся прадукцыя мае ўстойлівы збыт на ўнутраным і знешніх рынках. Так, за 10 месяцаў гэтага года прадпрыемствы канцэрна экспартавалі паперы і кардону на 73,2 млн долараў ЗША, што на 9,1% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Прадукцыя пастаўляецца на рынкі 46 краін. Найбольшыя аб'ёмы рэалізуюцца ў Расею, Польшчу, Украіну, Узбекістан, Іран і Турцыю. Сярод новых рынкаў, асвоеных беларускімі вытворцамі паперы і кардона, сёння можна адзначыць такія краіны як Бельгія, Балгарыя, Інданезія, Малайзія, Марока, Філіпіны і іншыя.
У цяперашні час прапрацоўваецца новы праект у цэлюлозна-папяровай прамысловасці Беларусі, накіраваны на ўцягванне ў абарот значных запасаў такой драўнянай сыравіны як асіна. Гэта хуткарослая парода дрэва, якая пакуль не атрымала належнага прымянення ў перапрацоўчай прамысловасці. Вырашыць пытанне эфектыўнага выкарыстання сыравіны дапаможа стварэнне вытворчасці беленай хіміка-тэрмамеханічнай масы. Гэты прадукт уяўляе сабой кудзелісты паўфабрыкат, які атрымліваецца ў выніку мяккай хімічнай і цеплавой апрацоўкі. З яго далей можна вырабляць высакаякасную паперу для паліграфіі, харчовую ўпакоўку, кардон рознага прызначэння, а таксама санітарна-гігіенічную паперу. Такім чынам, вытворчасць беленай хіміка-тэрмамеханічнай масы не толькі дазволіць асвоіць запасы асіны, але і забяспечыць кардонна-папяровыя вытворчасці краіны айчынным зыходным матэрыялам для атрымання якаснай прадукцыі з высокім дабаўленым коштам.
Яшчэ адны актуальны напрамак – вытворчасць папяровай упакоўкі. У апошні час пытанням абароны навакольнага асяроддзя і скарачэння экалагічнага следу ў свеце надаецца ўсё больш увагі. Не застаецца ў баку ад вырашэння гэтых праблем і Рэспубліка Беларусь. Урадам прынята стратэгія паэтапнага скарачэння выкарыстання пластыкавай ўпакоўкі і яе замяшчэння экалагічна бяспечнай. Канцэрн «Белляспаперпрам» гатовы актыўна ўдзельнічаць у гэтым працэсе і прапрацоўвае у цяперашні час магчымасць рэалізацыі праекта па стварэнні новых папераробных магутнасцяў. У прыватнасці, вытворчасці беленай крафт-паперы і іншых спецыяльных відаў паперы. Сыравінай будзе айчынная сульфатная беленая цэлюлоза. Акрамя таго, можа выкарыстоўвацца і беленая хіміка-тэрмамеханічная маса.
Запуск гэтага праекта дазволіць цалкам задаволіць патрэбы мясцовых вытворцаў папяровых пакетаў і мяшкоў у айчыннай высакаякаснай беленай паперы.
У цэлым, стварэнне ў краіне вытворчасцей па глыбокай перапрацоўцы драўніны, увод магутнасцяў па выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі дасць магчымасць змяніць існуючую тэндэнцыю перавагі імпарту навукаёмістай папяровай прадукцыі над аб'ёмамі экспарту драўнянай сыравіны, а таксама дасць магчымасць забяспечыць вытворчасць канкурэнтаздольнай прадукцыі, якая карыстаецца павышаным попытам як у Рэспубліцы Беларусь, так і за яе межамі.
Акрамя ўдзелу ў канферэнцыі ў праграме беларускай дэлегацыі сустрэчы з прадстаўнікамі буйных еўрапейскіх кампаній, якія з'яўляюцца лідарамі ў вытворчасці спецыяльнага абсталявання для цэлюлозна-папяровай прамысловасці, патэнцыяльнымі інвестарамі і партнёрамі па праектах. Таксама запланавана наведванне аўстрыйскага цэлюлозна-папяровага прадпрыемства з мэтай вывучэння і абмену вопытам.
Міжнародная канферэнцыя ў Вене ўжо на працягу пяці гадоў з'яўляецца эфектыўнай пляцоўкай для камунікацыі кіраўнікоў органаў дзяржаўнай улады, бізнес-структур, лясной і цэлюлозна-папяровай галін, вытворцаў абсталявання і пакупнікоў прадукцыі цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Удзел у ёй для беларускіх прадпрыемстваў з'яўляецца добрай магчымасцю вывучаць сусветны вопыт і прадстаўляць свае інтарэсы на рынку вытворчасці паперы і кардона, які дынамічна развіваецца.
Прэс-служба канцэрна " Белляспаперпрам"