Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе максімальнай аддачы ад кожнага ўкладзенага рубля ў беларускую эканоміку. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе аб рэалізацыі найважнейшых інвестыцыйных праектаў.
Паведамляе БЕЛТА.
"Нягледзячы на складанасць эканамічнай сітуацыі, нам штогод атрымоўвалася захоўваць абгрунтаваны ўзровень інвестыцый у нашу эканоміку. Пры гэтым галоўнае патрабаванне нязменна - максімальная аддача ад кожнага ўкладзенага рубля. У выніку павінны быць забяспечаны эфектыўная занятасць і дастойная зарплата", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што мэта інвестыцый, якія з'яўляюцца галоўным фактарам эканамічнага росту, - стабільнае рэгіянальнае развіццё і павышэнне ўзроўню жыцця чалавека. "Укладваючы грошы ў эканоміку, мы арыентаваліся перш за ўсё на тое, каб з'яўляліся і развіваліся традыцыйныя прадпрыемствы, заснаваныя на перапрацоўцы сыравіны, якая маецца ў наяўнасці ў нашай краіне. Калі дрэваапрацоўка - гэта лес. Калі цэмент і іншае - значыць, адпаведная сыравіна ў сваёй большасці прысутнічае ў Беларусі, не трэба ехаць за трыдзевяць зямель", - растлумачыў прэзідэнт.
"З моманту здабыцця незалежнасці, як бы ні было цяжка, мы не закрылі, а падтрымалі і пастаянна развіваем прамысловую вытворчасць. Мы захавалі найбуйнейшыя ў сусветным маштабе прадпрыемствы машынабудавання, нафтаперапрацоўкі, хімічнай прамысловасці", - адзначыў кіраўнік дзяржавы
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за гэты час значна мадэрнізаваны дрэваапрацоўчая, цэментная і харчовая галіны, створаны новыя высокатэхналагічныя магутнасці ў традыцыйнай энергасістэме. Пры гэтым у краіне актыўна развіваюць аднаўляльную і атамную энергетыку. "Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі арганізавана вытворчасць лінейкі легкавых аўтамабіляў. Таксама ўпершыню мы рэалізуем маштабны біятэхналагічны праект па вытворчасці амінакіслот", - дадаў ён.
Як адзначыў у сваім дакладзе прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, у цяперашні час урад працуе над завяршэннем асабліва значных для краіны інвестыцыйных праектаў. "Цяпер іх 34. На сённяшні дзень уведзены ў эксплуатацыю 22 праекты, па 12 з іх забяспечаны выхад на праектную магутнасць", - распавёў Сяргей Румас.
Найважнейшыя інвестпраекты ў Беларусі ў тым ліку рэалізуюцца ў такіх галінах, як аўтамабілебудаванне і металургічная галіна, цэлюлозна-папяровая і дрэваапрацоўчая прамысловасць, лёгкая прамысловасць, нафтаперапрацоўчы і нафтахімічны комплекс, энергакомплекс, будаўнічая галіна.
Прэм'ер-міністр адзначыў наяўнасць складанасцяў па шэрагу праектаў, і ўрад па некаторых з іх падрыхтаваў праекты адпаведных указаў Прэзідэнта. Як правіла, па гэтых праектах патрабуюцца рашэнні фінансавага характару для вываду вытворчасцей на чаканыя параметры.
У завяршальнай стадыі знаходзіцца праект па будаўніцтве завода па выпуску сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ "Светлагорскі ЦКК". "З 2018 года мы завяршаем гэты праект уласнымі сіламі, - нагадаў прэм'ер-міністр. - Цяпер завод знаходзіцца пад кіраваннем Светлагорскага ЦКК і працуе ўстойліва". Сярэдняя сутачная прадукцыйнасць знаходзіцца на ўзроўні 80% ад праекта. З пачатку года выраблена больш за 135 тыс. т цэлюлозы з высокай ступенню беласці і адпавядае ўсім міжнародным стандартам. Аб'ёмы вытворчасці за год павялічыліся больш чым удвая, экспарт таксама ў два разы, зарплата вырасла на 70%, атрымана $ 48 млн валютнай выручкі, рэнтабельнасць продажаў - 18%. Забяспечваецца бяспечны рэжым працы. "Цяпер мы працуем над загрузкай вытворчых магутнасцяў у рамках стабільнага тэхналагічнага працэсу", - дадаў Сяргей Румас.
Паводле яго слоў, фактычна аб'ект гатовы да ўводу ў эксплуатацыю: ліквідаваны заўвагі наглядных органаў, атрыманы шэсць заключэнняў з дзевяці неабходных. Каб завяршыць усе працэдуры і ўвесці завод у эксплуатацыю, урад ініцыюе прыняцце ўказа, праект якога ўнесены на разгляд Кіраўніка дзяржавы.
У ліку праблемных праект у Добрушы па выпуску мелаваных і немелаваных відаў кардона. Выпрацавана схема яго завяршэння асобнымі пускавымі комплексамі, якая была адобрана на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў. Сяргей Румас агучыў прапанаваныя рашэнні, якія дазволяць забяспечыць увод у эксплуатацыю ў 2020 годзе і ў 2022-м выйсці на праектную магутнасць.
Прэм'ер-міністр таксама далажыў, што не выйшла на кантрактныя параметры вытворчасць паперы-асновы для дэкаратыўных абліцавальных матэрыялаў у Шклове. У цяперашні час лінія працуе ў кругласутачным рэжыме, але выпускае альтэрнатыўныя віды прадукцыі. Для забеспячэння магчымасці вытворчасці паперы-асновы патрабаванай якасці неабходная дапрацоўка асобных вузлоў і агрэгатаў. Падрыхтаваны праект указа з мерамі, якія дазваляюць выйсці на праектную магутнасць у 2022 годзе.
/ Будзе дапоўнена/
Крыніца: БЕЛТА