План пераходу на экаўпакоўку зацверджаны ў Беларусі. Удзел у яго рэалізацыі возьме і канцэрн "Белляспаперпрам".
План зацверджаны пастановай Савета Міністраў ад 13 студзеня 2020 года №7, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт урада.
Планам прадугледжана, што пры правядзенні масавых мерапрыемстваў будзе арганізоўвацца паасобны збор адходаў, у 2020-2021 гадах укарэняць дэпазітную (закладная) сістэму звароту спажывецкай упакоўкі. Запланавана павялічыць аб'ёмы вытворчасці экалагічна бяспечнай (у тым ліку папяровай, шклянай, біяраскладальнай) упакоўкі.
МАРТ разам з зацікаўленымі даручана вызначыць пералік аднаразовага пластыкавага посуду, выкарыстанне і продаж якога будуць забароненыя ў аб'ектах грамадскага харчавання з 1 студзеня 2021 года.
Акрамя таго, неабходна будзе прадумаць эканамічныя стымулы для пераходу на экаўпакоўку. У 2021 годзе ва ўрад трэба ўнесці праект пастановы, які прадугледжвае паэтапнае абмежаванне максімальнай ёмістасці палімернай тары, якая ўжываецца для разліву піва і слабаалкагольных напояў, да 1 літра ўключна.
У галіне правядзення навуковых даследаванняў мяркуецца рэалізаваць план дзеянняў па стварэнні тэхналогіі і вытворчасці біяраскладальнага пакавання з расліннай сыравіны.
Рэспубліканскім органам дзяржкіравання, іншым дзяржарганізацыям, падпарадкаваным Ураду, Нацыянальнай акадэміі навук, аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму даручана забяспечыць выкананне плана мерапрыемстваў.
Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Паглядзець дакумент: http://www.government.by/ru/solutions/3735
Крыніца: БЕЛТА