Вытворцы змогуць атрымліваць кампенсацыю, калі будуць выкарыстоўваць пры вытворчасці прадукцыі экалагічную ўпакоўку, а не палімерную.
Пра гэта паведаміў сёння журналістам першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла, каментуючы ўказ №16 "Аб удасканаленні парадку абыходжання з адходамі тавараў і ўпакоўкі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Указам прадугледжана ўвядзенне новых відаў кампенсацыі выдаткаў. Напрыклад, за выкарыстанне або абясшкоджванне адходаў (раней была кампенсацыя толькі за збор адходаў пры ўмове перадачы на выкарыстанне або абясшкоджванне) і за выкарыстанне экалагічнай упакоўкі пры вытворчасці прадукцыі", - адзначыў Генадзь Трубіла. Памеры кампенсацыі і канкрэтныя віды адходаў і ўпакоўкі, за якія яна выплачваецца, дадаткова ўсталюе Савет Міністраў.
Указ уступіць у сілу з 1 ліпеня. Ён прыйдзе на змену ўказу ад 11 ліпеня 2012 года №313 "Аб некаторых пытаннях абыходжання з адходамі спажывання".
Вытворцы і пастаўшчыкі тавараў і ўпакоўкі, як і раней, абавязаны забяспечваць збор, абясшкоджванне і (або) выкарыстанне адходаў тавараў і ўпакоўкі. Раней пералік такіх тавараў і ўпакоўкі ўтрымліваўся ва ўказе №313. Новы пералік, які будзе дзейнічаць з 1 ліпеня, павінен усталяваць Савет Міністраў.
Як і раней, прадугледжаны два варыянты для вытворцаў і пастаўшчыкоў. Гэта значыць, што яны могуць прымяняць уласную сістэму збору адходаў або заключыць адпаведны дагавор з дзяржаўнай установай "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў" і заплаціць за арганізацыю збору адходаў. З новага - уласная сістэма збору можа прымяняцца і ў дачыненні да папяровай і кардоннай упакоўкі, што раней указам №313 было абмежавана.
"З прыняццем указа дадзена права некалькім прадпрыемствам арганізоўваць разам свой паасобны збор, не плацячы кампенсацыю. Раней ва ўказе проста было адзначана, што прадпрыемства павінна арганізаваць збор. Але калі гэта малое прадпрыемства, для яго гэта можа быць эканамічна немэтазгодна. Таму цяпер з'явіцца магчымасць некалькім прадпрыемствам аб'яднацца і арганізаваць збор", - растлумачыў Генадзь Трубіла.
Дапоўнены выпадкі вызвалення ад абавязку па арганізацыі збору, абясшкоджвання або выкарыстання адходаў. Самы значны дадатак - ад такой абавязкі цалкам вызваляць ІП, якія арганізуюць рознічны гандаль ці грамадскае харчаванне, у частцы ўпакоўкі увезеных імі тавараў. Такое рашэнне прынята, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для пашырэння дзелавой і прадпрымальніцкай ініцыятывы і зняць лішнюю фінансавую і адміністрацыйную нагрузку.
"Раней кожную ўпакоўку трэба было ўзважыць і заплаціць, што істотна ўплывала на развіццё бізнесу", - звярнуў увагу першы намеснік міністра.
Вызваленыя будуць таксама тавары і ўпакоўкі, якія выкарыстоўваюцца некамерцыйнымі арганізацыямі для выканання сваіх функцый, медтэхніка і тавары медыцынскага прызначэння (акрамя ртутных тэрмометраў). Вызваленне закране тавары і ўпакоўкі, якія перададзеныя самімі вытворцамі і пастаўшчыкамі на пахаванне ў сувязі са стратай спажывецкіх уласцівасцяў або ў сувязі з надзвычайнымі абставінамі.
Пры гэтым выключана адна з падстаў для вызвалення ад абавязку збіраць адходы, якое было ва ўказе №313. Раней не трэба было арганізоўваць збор упакоўкі тавараў, якая выкарыстоўваецца ў сваёй дзейнасці ў якасці асноўных сродкаў, матэрыялаў, сыравіны, запасных частак (камплектуючых). Вызваленне ўжывалася незалежна ад спосабу далейшага абыходжання з адходамі ўпакоўкі. Цяпер парадак вызвалення такой упакоўкі будзе дадаткова ўрэгуляваны ў рамках уласнай сістэмы збору адходаў.
Прадугледжаны таксама некаторыя змены па вызваленні ад неабходнасці збору вытворцаў палімернай упакоўкі і вырабаў з пластмас у сувязі з выкарыстаннем для іх вытворчасці палімерных адходаў. У адпаведнасці з указам №313, для вызвалення трэба было выкарыстоўваць не менш за 30% адходаў. Па новых правілах прадугледжана паступовае павелічэнне долі адходаў у вытворчасці для вызвалення: з 2021 года - 35%, з 2023 года - 40%.
Генадзь Трубіла лічыць, што новыя падыходы, закладзеныя ва ўказе "Аб удасканаленні парадку абыходжання з адходамі тавараў і ўпакоўкі", дапамогуць павялічыць аб'ёмы перапрацоўкі адходаў і больш эфектыўна арганізаваць іх паасобны збор.
Пытанне абыходжання з адходамі тавараў і ўпакоўкі знаходзіцца на асаблівым кантролі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. "Нельга дапусціць, каб нас спасцігла доля краін-суседзяў, калі людзі задыхаюцца ад колькасці звалак, а глеба на дзесяцігоддзі атручаная хіміяй", - заявіў ён на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што стан навакольнага асяроддзя - найважнейшая задача, а здароўе беларусаў - неацэнна. Але сёння гэта не толькі пытанне экалагічнага дабрабыту, заўважыў кіраўнік дзяржавы. "Развітыя краіны, у якіх, як і ў нас, няма багатых запасаў прыродных выкапняў, навучыліся здабываць неабходныя рэсурсы фактычна са смецця", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Крыніца: БЕЛТА