Прадпрыемствы канцэрна "Белляспаперпрам" у 2019 годзе экспартавалі прадукцыі на 578,6 млн долараў, што на 3,6% больш, чым у 2018 годзе.
На знешнія рынкі арганізацыі галіны паставілі амаль 70% ад агульнага аб'ёму вырабленай прадукцыі. Асартымент экспарту налічвае каля 80 таварных пазіцый. Найбольшую ўдзельную вагу ў таварнай структуры экспарту займаюць розныя драўняныя пліты (161 млн долараў), мэбля (124 млн долараў), папера і кардон (85,3 млн долараў), фанера (64 млн долараў) і цэлюлоза (53,2 млн долараў).
Геаграфія паставак ахапіла 69 краін. Сярод іх як традыцыйныя для прадпрыемстваў канцэрна рынкі суседніх дзяржаў, так і геаграфічна аддаленыя, але пры гэтым перспектыўныя рынкі. Напрыклад, такія як Кітай, куды ў 2019 годзе адгружана прадукцыі на 49,2 млн долараў, што ў 3,3 разы больш, чым у 2018 годзе. Планамерна расце экспарт у Ізраіль, Іран, ААЭ і Партугалію.
Павялічваюцца пастаўкі і ў краіны Еўропы. Так, экспарт у Фінляндыю вырас больш чым у 10 разоў, у Аўстрыю амаль у 3 разы, у Люксембург - у 1,3 разы.
Найбольш буйным рынкам збыту для прадпрыемстваў канцэрна захоўваецца Расейская Федэрацыя, куды пастаўлена прадукцыі на 185,4 млн долараў ЗША, што складае 32% ад агульнага аб'ёму экспарту. На другой пазіцыі - рынак Польшчы (89,8 млн долараў), на трэцяй – Украіны (59,8 млн долараў).
У цэлым па канцэрне забяспечваецца аптымальнае размеркаванне экспарту тавараў на трох сектарах рынку - ЕАЭС, Еўрапейскі Саюз і краіны "далёкай дугі" - на ўзроўні 37,8%, 35,1% і 27% адпаведна.
Прэс-служба канцэрна "Белляспаперпрам"