Пытанні імпартазамяшчэння ў Беларусі будзе нададзена пільная ўвага. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час наведвання Добрушскай папяровай фабрыкі "Герой працы".
Кіраўнік дзяржавы ў Добрушы азнаёміўся, як прасоўваецца будаўніцтва завода па выпуску мелаваных і немелаваных відаў кардона, які павінны былі ўвесці ў эксплуатацыю яшчэ ў 2015 годзе, але аб'ект закансерваваны.
"На сённяшні дзень у чым праблема? Што засталося?"- спытаў Аляксандр Лукашэнка. Старшыня канцэрна "Белляспаперпрам" Юрый Назараў распавёў, што завод гатовы на 90%. Засталося запусціць машыннае абсталяванне і завяршыць невялікія будаўнічыя працы.
"А навошта столькі грошай для гэтага (каля $ 83 млн. - заўв. БЕЛТА), калі ўсё ёсць?"- удакладніў прэзідэнт.
Як далажылі кіраўніку дзяржавы, палова гэтых сродкаў будзе выплачана аўстрыйскай кампаніі Andritz, якая зоймецца запускам машын. Беларускія прадпрыемствы не могуць самі зрабіць гэта, паколькі ў іх няма такіх кампетэнцый: такой вытворчасці раней не было на ўсёй постсавецкай прасторы. "Аўстрыйская кампанія - лідэр у гэтай сферы. Яны гарантуюць, што мы атрымаем тое, дзеля чаго будуем завод", - адзначыў Юрый Назараў.
Аўстрыйцы ў выпадку неабходнасці таксама паставяць у Добруш тэхніку. У перспектыве наладзіць вытворчасць гэтых вузлоў можна і ў Беларусі.
"Усё гэта мы павінны вырабляць у сябе, калі нам спатрэбіцца. У нас няма нафты, як у Расеі. Яны могуць купіць любыя запчасткі: ім не шкада валюты. Нам трэба зарабляць валюту, таму пажадана не вывозіць яе, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - За імпартазамяшчэнне мы возьмемся сур'ёзна. Гэта ж не справа".
Крыніца: БЕЛТА