Урад пашырыў пералік сацыяльна значных тавараў з рэгуляванымі коштамі. Сярод іх запалкі і туалетная папера.
Пастановай Савета Міністраў ад 4 красавіка №205 пашыраны пералік сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт урада.
У пералік дадаткова ўнесены кансервы мясныя, кансервы з рыбы, малако сухое, кава, вада пітная (расфасаваная ў ёмістасці), мыла туалетное цвёрдае, мыла гаспадарчае цвёрдае, запалкі, пракладкі жаночыя гігіенічныя, падгузнікі, туалетная папера, сродкі абароны органаў дыхання (маскі, прызначаныя для індывідуальнага прымянення) і дэзінфікуючыя (антыбактэрыйныя, абеззаражваючыя) сродкі (у тым ліку гелі, спрэі).
Туалетную паперу выпускаюць чатыры прадпрыемствы канцэрна: ААТ "Папяровая фабрыка "Спартак" (г. Шклоў), ААТ "Слонімскі кардонна-папяровы завод "Альбярцін", СТАА "Эксклюзіў" (г. Гродна), ТАА "Интерпапер" (г. Мінск). Запалкі выпускае ААТ "Барысаўдрэў".
Пастанова прынятая на падставе ўказа ад 25 лютага 2011 года №72 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання коштаў (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь" і Пратакола аб агульных прынцыпах і правілах канкурэнцыі (дадатак №19 да Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 траўня 2014 года).
Дакумент уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Крыніца: БЕЛТА
07.04.2020 09:54