Сёння старшыня канцэрна «Белляспаперпрам» Міхаіл Касько і работнікі апарата канцэрна ў даніну памяці загінулых у Вялікай Айчыннай вайне ўсклалі кветкі да Абеліска на 9-м км Маскоўскай шашы ў Уручча.
Тут увекавечана памяць 30 тысяч ахвяр фашысцкіх лагераў - ваеннапалонных, партызан і мірных грамадзян. Воіны, партызаны, старыя, жанчыны і дзеці былі да смерці закатаваныя альбо масава расстраляныя фашысцкімі атрадамі ў 1941-1943 гадах.
Для нашай сям'і гэтыя нечалавечыя кровапралітныя падзеі адклікаюцца болем і вельмі цяжкімі ўспамінамі – - дзеліцца Міхаіл Касько. - Думаю, у кожнай беларускай сям'і гэтая вайна назаўжды пакінула раны ў сэрцах. Нічога не можа быць страшней таго, калі руйнуецца свет, зямля разрываецца ад гармат, гінуць мільёны людзей не толькі ў баях, але і вось так, як гэтыя 30 тысяч чалавек, страшна загінулых ад фашызму ў ліхалецця вайны. Што такое канцлагера ведае і наша сям'я. Мой бацька Міхаіл Андрэевіч Касько, будучы трохгадовым дзіцем, разам з 12-гадовай сястрой і маці таксама былі вязнямі такога лагера ў Азарэчах, дзе жанчыны разам з дзецьмі падвяргаліся гвалтоўнай знясільваючай працы. Многія гінулі, а тыя, хто выжыў, як мае родныя, не забудуць гэтага ніколі. Будзем памятаць і мы, і зробім усё, каб ведалі і памяталі нашы дзеці і ўнукі.
Вайна забрала і абодвух маіх дзядоў, таму я вырас, на жаль, без іх. Мой дзед Андрэй Ісакавіч Касько ў ліку 70 партызан быў расстраляны карным атрадам фашыстаў у 1944 годзе ў в. Замасточча Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Мужчын расстрэльвалі на вачах жонак і дзяцей, жанчын прымусілі капаць магілы і хаваць сваіх загінулых. Другі дзед Гаўрыла Фаміч Кушняроў не вярнуўся з вайны, як без вестак зніклы. Апошняе, што нашай сям'і вядома пра яго, гэта тое, што ён удзельнічаў у трагічнай бітве за Дняпро. У ёй загінулі мільёны салдат.
Гэтыя страшныя падзеі мы не павінны забываць. Подзвіг нашых бацькоў і дзядоў, самаадданая барацьба за мір, за родную зямлю, за жыццё родных і блізкіх назаўжды павінны заставацца ў памяці нашых сэрцаў. Мы павінны ведаць цану мірнага неба над галавой, цану той свабоды і незалежнасці, якія ёсць ва ўсіх нас дзякуючы нашым героям - воінам-вызваліцелям.
Дзень Перамогі – самае дарагое і важнае свята. Мы аддаём даніну памяці подзвігу мільёнаў абаронцаў Айчыны і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, шчыра дзякуем ім за тое, што яны змагаліся за нас, і аб'ядноўваемся ў агульным імкненні захаваць мірнае жыццё для будучых пакаленняў беларусаў, - падкрэсліў Міхаіл Касько.
Прэс-служба канцэрна "Белляспаперпрам"
08.05.20 13:41