Дрэваапрацоўчая вытворчасць Завода газетнай паперы (г. Шклоў) і шведская кампанія PS Fastigheter AB плануюць заключыць у чэрвені кантракт на пастаўку 12 драўляных паўназборных дамоў.
Адпаведная дамоўленасць была дасягнута падчас відэаканферэнцыі аб асаблівасцях экспарту беларускіх будаўнічых матэрыялаў у Швецыю, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу МЗС Беларусі.
Анлайн-сустрэча была арганізавана Нацыянальным Саветам па гандлі Швецыі і пасольствам Беларусі ў Швецыі. Яе ўдзельнікамі сталі дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу Валерый Садоха, пасол Беларусі ў Швецыі Дзмітрый Мірончык, пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан, старшыня шведскай асацыяцыі гандлю будаўнічымі матэрыяламі Моніка Б'ёрк, прадстаўнікі канцэрна "Белляспаперпрам", а таксама эксперты Нацыянальнага савета па гандлі Швецыі і прадстаўнікі больш за 30 беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый.
Падчас канферэнцыі было адзначана, што Швецыя з'яўляецца адным з важных гандлёвых партнёраў Беларусі ў Еўропе, тавараабарот паміж краінамі перавышае $150 млн.На думку Валерыя Садоха, беларускім прадпрыемствам неабходна больш актыўна асвойваць новыя нішы на еўрапейскім рынку.
Пасол Дзмітрый Мірончык лічыць, што значны патэнцыял ёсць у будаўнічай вобласці і ў частцы экспарту тавараў для рамонту і будаўніцтва. "Шведскае кіраўніцтва заявіла амбіцыйную мэту пабудаваць 700 тыс. новых кватэр да 2025 года для вырашэння праблемы недахопу жылля. Беларуская арматура добра вядомая ў Швецыі, сумесна з БМЗ мы зараз вядзем працу па павелічэнні паставак. Увесну гэтага года пачаты пастаўкі беларускай керамічнай пліткі на Шведскі рынак. Беларускія вокны і секцыйныя гаражныя вароты добра вядомыя ў Скандынавіі. Летась беларускі вытворца жалезабетонных панэляў узвёў свой першы аднакватэрны жылы дом у Стакгольме. Пэўныя перспектывы ёсць і для экспарту цеплаізаляцыйных матэрыялаў буйных беларускіх вытворцаў", - адзначыў дыпламат.
Крыніца: БЕЛТА
18.06.2020 14:02