Прадпрыемствы канцэрна "Белляспаперпрам" планамерна аднаўляюць аб'ёмы вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі пасля падзення актыўнасці на знешніх рынках з-за пандэміі каронавіруса.
У чэрвені арганізацыямі галіны экспартавана прадукцыі на 28,8% больш, чым за май. Так, калі ў маі экспарт па канцэрне складаў 36,9 млн долараў ЗША, то ўжо ў чэрвені экспартная выручка дасягнула 47,5 млн долараў ЗША.
Негатыўны ўплыў на рытмічнасць экспартных адгрузак прадпрыемства канцэрна адчулі ўжо ў канцы сакавіка. З-за уведзеных каранцінных мер, закрытых межаў і прыпынення працы гандлёвых цэнтраў на асноўных рынках збыту большасць замежных пакупнікоў прадукцыі прадпрыемстваў канцэрна заявілі аб прыпыненні закупак. У выніку ў сакавіку экспарт у параўнанні з лютым упаў на 2%. Пры гэтым пік падзення аб'ёмаў экспарту адбыўся ў красавіку, калі ён знізіўся яшчэ на 28,2% і склаў усяго 35,5 млн долараў ЗША.
Сітуацыя, якая склалася, адбілася на дзейнасці прадпрыемстваў у цэлым, паколькі большасць з іх з'яўляюцца экспартаарыентаванымі – каля 70% вырабленай прадукцыі прадпрыемствы пастаўляюць на знешнія рынкі. Прыйшлося ў красавіку-маі знізіць аб'ёмы вытворчасці, паколькі на складах засталася тая прадукцыя, якую планавалася экспартаваць. Так, калі ў сакавіку было выраблена прадукцыі на 166,3 млн рублёў, то ўжо ў красавіку на 140,6 млн рублёў, а ў маі – на 122,9 млн рублёў.
Сітуацыя пачала выпраўляцца, як і прагназавалі ў канцэрне, у апошніх чыслах мая і выйшла на ўстойлівую станоўчую дынаміку ў чэрвені. Аднавіліся экспартныя пастаўкі, пачалі зніжацца складскія запасы і нарошчвацца аб'ёмы вытворчасці.
У чэрвені прадпрыемствы галіны вырабілі прадукцыі на 153 млн рублёў. Гэта на 9,8% больш, чым у чэрвені 2019 года і на 24,5% больш, чым у маі гэтага года. У цэлым тэмп росту аб'ёму вытворчасці прадукцыі прамысловасці за першае паўгоддзе бягучага года ў адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года склаў 101,9%. Складскія запасы ў чэрвені ў параўнанні з красавіком знізіліся на 4,4%.
Па прагнозах, тэндэнцыя росту актыўнасці на знешніх рынках будзе прыкметная і ў наступныя месяцы. З улікам наяўных у прадпрыемстваў канцэрна экспартных заказаў на бліжэйшыя месяцы, аб'ёмы валютнай выручкі павінны прырасці. Гэта дазволіць паступова аднавіць тэмпы экспартнай дзейнасці і выйсці на ўстойлівы рытм працы прадпрыемстваў у цэлым.
Прэс-служба канцэрна "Белляспаперпрам"
10.07.2020 08:07