Прадукцыя прадпрыемстваў канцэрна "Белляспаперпрам" становіцца ўсё больш запатрабаванай на рынку Злучаных Штатаў Амерыкі. На гэтым тыдні (з 7 па 12 верасня) канцэрн прымае дэлегацыю дзелавых колаў гэтай краіны.
Падчас візіту Амерыканскія бізнесмены плануюць заключыць доўгатэрміновыя кантракты аб супрацоўніцтве.
Рынак ЗША для прадпрыемстваў канцэрна адносна новы, але вельмі перспектыўны. Першыя пастаўкі мэблі і фанеры ў ЗША, нягледзячы на значную адлегласць, сябе апраўдалі, і за сем месяцаў бягучага года павялічыліся ў некалькі разоў. Гэта сведчыць аб тым, што пры дэталёвай прапрацоўцы выдаткаў на вытворчасць прадукцыі і аптымальных схем паставак экспарт у ЗША можа быць выгадным і яго трэба развіваць. Упэўненыя ў гэтым і амерыканскія партнёры. Свой візіт у Беларусь яны здзяйсняюць з мэтай вывучэння патэнцыялу мэблевых і дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў канцэрна для доўгатэрміновага супрацоўніцтва і стабільнай пастаўкі неабходнай для рынку ЗША прадукцыі.
У прыватнасці, вялікую цікавасць выклікае беларуская мэбля і драўлянае домабудаванне. У ходзе візіту дэлегацыя наведае такія мэблевыя прадпрыемствы канцэрна як ЗАТ «ХК «Пінскдрэў», ЗАТ «Маладзечнамэбля» і яго філіял «Вілейская мэблевая фабрыка», СТАА «ЗОЎ-ЛенЕўрамэбля» у г. Гродна. Таксама госці азнаёмяцца з вытворчасцю ААТ "Барысаўскі ДАК", ААТ "Буддэталі" і вытворчасцю "Домабудаванне" РУП "Завод газетнай паперы". 10 верасня адбудуцца перамовы з кіраўніцтвам канцэрна "Белляспаперпрам" і лагістычнай кампаніі, падчас якіх будуць абмеркаваныя ўсе дэталі супрацоўніцтва і арганізацыі паставак прадукцыі прадпрыемстваў канцэрна ў ЗША.
Прэс-служба канцэрна "Белляспаперпрам"
08.09.2020 11:10