Паперу з 100-працэнтнай цэлюлозы з іглічных парод драўніны вырабляюць у Чашніцкім філіяле "Папяровая фабрыка "Чырвоная зорка" ААТ "Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат".
Прадпрыемства ў Чашніцкім раёне ўваходзіць у склад прадпрыемстваў Беларускага вытворча-гандлёвага канцэрна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці "Белляспаперпрам". Праведзеная некалькі гадоў таму мадэрнізацыя дазволіла наладзіць вытворчасць прадукцыі еўрапейскага ўзроўню якасці, з высокай дабаўленай вартасцю. У прыватнасці, на фабрыцы сталі выпускаць паперу для гафрыравання высокіх марак, двухслаёвы кардон, а таксама крафт - паперу мяшочную.
Нядаўна на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце ўвялі ў эксплуатацыю новы завод па выпуску беленай сульфатнай цэлюлозы магутнасцю 400 тысяч тон у год. Гэта станоўча адбілася на дзейнасці Чашніцкага прамысловага старажыла, які стаў атрымліваць яшчэ больш якасную сыравіну. За восем месяцаў 2020 года валавы выпуск гэтага віду прадукцыі перавысіў 1100 тон.
Усяго за студзень-жнівень на "Чырвонай зорцы" выраблена 10815 тон таварнай паперы і кардона, або 103% да аналагічнага перыяду мінулага года. За ўсімі эканамічнымі выкладкамі стаіць штодзённая праца дзясяткаў людзей.
Крыніца: http://vitvesti.by/
01.10.2020 12:08