Вынікі працы ААТ "Светлагорскі ЦКК" і перспектывы развіцця прадпрыемства абмеркавалі на сустрэчы старшыні канцэрна «Белляспаперпрам» Міхаіла Касько з прадстаўнікамі працоўнага калектыву камбіната.
Рабочая паездка кіраўніка канцэрна ў Светлагорск адбылася ў аўторак, 27 кастрычніка, у рамках працы Рэспубліканскай інфармацыйнай групы. Сустракаючыся з работнікамі ААТ "Светлагорскі ЦКК", Міхаіл Касько назваў вынікі працы прадпрыемства сёлета аднымі з лепшых у галіне.
"Вы вялікія малайцы, таму што за 9 месяцаў 2020 года выкананы ўсе паказчыкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці, пра што мы дакладвалі прэзідэнту 6 кастрычніка на нарадзе аб развіцці дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай галіны, - сказаў ён. - Прыраслі і па экспарце, і паказчыкі энергазберажэння палепшыліся, і рэнтабельнасць продажаў павялічылася, і чысты прыбытак. Вялікая падзяка за вашу працу. Дзякуючы вашаму прадпрыемству ўся дрэваапрацоўчая галіна выканала даведзеныя паказчыкі.
Зрэшты, па яго словах, у прадпрыемства маецца вельмі добры патэнцыял для далейшага развіцця. Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб стварэнні вытворчасцей, звязаных з паглыбленай перапрацоўкай драўніны. Адзін з такіх праектаў - будаўніцтва папяровай машыны для вытворчасці упаковачнай паперы магутнасцю 160 тысяч тон за год - павінен быць рэалізаваны на Светлагорскім ЦКК ужо да канца 2023 года. У цяперашні час узгадняюцца тэхнічныя і фінансавыя ўмовы кантракту з пастаўшчыком абсталявання – фінскай кампаніяй Valmet. Праект называюць значным не толькі для прадпрыемства і горада, але і для рэспублікі ў цэлым.
Мяркуецца, што з паперы, вырабленай на Светлагорскім ЦКК, прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу змогуць вырабляць тару і ўпакоўку для будаўнічых сумесяў, цэменту, сухога абястлушчанага малака, і іншых тавараў, якія сёння ў вялікай колькасці вырабляюцца ў Рэспубліцы Беларусь.
"Рынак збыту ёсць, будзе новая вытворчасць, будуць працоўныя месцы, падаткі ў бюджэт. Гэта вялікая і добрая перспектыва для вашага прадпрыемства, на вас мы ўскладаем вялікія надзеі, а таму і адказнасць за камбінат павінна быць падвойная, калі не трайная", - падкрэсліў Міхаіл Касько.
Сваю адказнасць за паспяховую рэалізацыю праекта і яго важнасць для далейшага развіцця камбіната разумеюць і на прадпрыемстве. Па словах генеральнага дырэктара ААТ "Светлагорскі ЦКК" Юрыя Крука, калектыў таварыства падтрымлівае пачынанне, якое стане гарантам сацыяльнай і фінансавай стабільнасці для ўсіх, хто тут працуе. Кіраўнік прадпрыемства не сумняваецца і ў тым, што з пастаўленай задачай Светлагорскія папернікі справяцца: тут назапашаны значны вопыт па выпуску паперы і кардона на ранейшай вытворчасці.
Сярод найважнейшых перспектыўных задач для ААТ «Светлагорскі ЦКК» на прадпрыемстве называюць выхад у 2021 годзе на 100% магутнасць вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы, што дазволіць выпускаць да 400 тысяч тон цэлюлозы ў год (для параўнання, сёлета гэты паказчык складзе каля 270 тысяч тон), а таксама ўвод другой чаргі новага завода - па вытворчасці віскознай цэлюлозы.
Крыніца: www.sckk.by
29.10.2020 12:53