У Бібліятэцы па ўстойлівым развіцці з 15 сакавіка па 9 красавіка будзе прадстаўлена тэматычная выстава "ДрэваLive", прысвечаная лесапільнай вытворчасці і дрэваапрацоўцы.
Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы.
Выстава падрыхтавана ў рамках комплекснага праекта "Ад ідэі да вытворчасці". На экспазіцыі будуць прадстаўлены айчынныя і замежныя кнігі і перыядычныя выданні, якія раскрываюць гісторыю і тэхналогію перапрацоўкі драўніны, а таксама рэдкія выданні з чытальнай залы рэтравыданняў.
"Беларусь валодае развітой лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасцю. Сёння ў краіне амаль 40% тэрыторыі занята лясамі, а запас драўніны на пні ацэньваецца ў 1,7 млрд куб.м. На аднаго жыхара рэспублікі прыпадае 0,9 га пакрытых лесам зямель і больш за 180 куб. м драўнянага запасу, што ў два разы вышэй за сярэднееўрапейскі ўзровень", - адзначылі ў бібліятэцы.
Агульная структура лесапрамысловага комплексу Беларусі прадстаўлена наступнымі галінамі: лесанарыхтоўчая (13,5% агульнага аб'ёму выпуску прадукцыі), дрэваапрацоўчая (69,5%), цэлюлозна-папяровая (16,4%) і лесахімічная прамысловасць (0,6%).
У краіне працуе 11 аб'яднанняў па вытворчасці мэблі. Найбуйнейшыя з іх - "Бабруйскдрэў", "Мінскмэбля", "Гомельдрэў", "Віцебскдрэў", "Мастоўдрэў", "Пінскдрэў".
У Беларусі функцыянуе 12 профільных прадпрыемстваў, на якіх вырабляюцца масавыя і спецыяльныя віды паперы і кардона. Да вядучых прадпрыемстваў галіны адносяцца: Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, ААТ "Беларускія шпалеры", ААТ "Гомельшпалеры", Добрушская папяровая фабрыка "Герой працы", Слонімскі кардонна-папяровы завод "Альбярцін", Папяровая фабрыка "Чырвоная Зорка", Маладзечанская кардонная фабрыка "Раеўка", Кардонная фабрыка "Альхоўка", ААТ "Кроўля" і іншыя.
Экспазіцыя будзе цікавая шырокаму колу чытачоў. Уваход на яе вольны. Выстава пройдзе па адрасе: Мінск, праспект Пераможцаў, 7, Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка (ком. 609) - у буднія дні з 9.00 да 17.30. Больш падрабязную інфармацыю можна даведацца па тэлефонах: 226-65-07, 306-20-73.
Крыніца: БЕЛТА
12.03.2021 09:32