Сёння ў гісторыі канцэрна "Белляспаперпрам" памятная дата. Роўна 75 гадоў таму 26 сакавіка 1946 года было створана Міністэрства лясной прамысловасці БССР, правапераемнікам якога пасля стаў канцэрн "Белляспаперпрам".
А 26 красавіка 2021 года канцэрн адзначыць сваё 30-годдзе з дня заснавання.
За час свайго існавання Міністэрства некалькі разоў трансфармавалася, змянялася яго назва (былі Міністэрства лясной і папяровай прамысловасці, Міністэрства папяровай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, Міністэрства лясной, цэлюлозна-папяровай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, Міністэрства лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці і інш.), але кіраванне галіной і яе цэласнасць захоўваліся.
20 лютага 1991 года з улікам новых падыходаў да развіцця рынкавай эканомікі і ўкаранення новых прынцыпаў гаспадарання на аснове самакіравання і самафінансавання, новых формаў і метадаў арганізацыі вытворчасці і працы, заснаваных на розных формах уласнасці, Пастановай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР № 618-ХІІ Міністэрства лясной прамысловасці было скасавана і 26 красавіка 1991 года быў створаны Беларускі дзяржаўны вытворча-гандлёвы канцэрн лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці "Беллеспрам". У склад канцэрна ўвайшло 28 найбуйнейшых дрэваапрацоўчых аб'яднанняў і прадпрыемстваў Беларусі. У 1993 годзе канцэрн трансфармаваўся ў Беларускі вытворча-гандлёвы канцэрн лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці "Белляспаперпрам".
У гэты памятны для галіны дзень вышэйшай узнагародай канцэрна - нагрудным знакам адрознення "За асабісты ўклад у развіццё галіны" узнагароджаны Леанід Сямёнавіч Краўцоў - ветэран галіны, былы міністр лясной прамысловасці БССР і першы кіраўнік канцэрна "Белляспаперпрам".
Заслужаную ўзнагароду яму ўручыў намеснік старшыні канцэрна Генадзь Дзікавіцкі.
Леанід Сяменавіч Краўцоў ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяціў абранай прафесіі. Скончыўшы ў 1962 г. Беларускі тэхналагічны інстытут ім. С. М. Кірава па спецыяльнасці «Механічная тэхналогія драўніны", прыйшоў на працу на Барысаўскі дрэваапрацоўчы камбінат. Там адразу праявіў свае лідэрскія якасці, працаваў спачатку інжынерам па тэхінфармацыі, далей узначальваў вытворчыя цэхі: шырспажыву, мэблевы, фанерны. Затым працягнуў працоўны шлях галоўным інжынерам на Барысаўскім фанерна- запалкавым камбінаце і Барысаўскім вытворчым дрэваапрацоўчым аб'яднанні. У 1975 г. узначаліў ПА "Барысаўдрэў". У 1984 г. прыйшоў на працу ў апарат Міністэрства лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці БССР начальнікам тэхнічнага кіравання, з часам быў прызначаны першым намеснікам міністра і ў 1985 г. - міністрам. У 1991 г. узначаліў створаны замест Міністэрства канцэрн, якім кіраваў да выхаду на заслужаны адпачынак у 1999 годзе.
Леанід Сяменавіч Краўцоў узнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, юбілейным медалём «За доблесную працу» у азнаменаванне 100- годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалём «Ветэран працы» і сёння нагрудным знакам адрознення канцэрна «Белляспаперпрам» «За асабісты ўклад у развіццё галіны».
Прэс-служба канцэрна "Белляспаперпрам"
26.03.2021 12:40