Старшыня "Белляспаперпрама" Міхаіл Касько сумесна з заслужанымі работнікамі прамысловасці Беларусі, кіраўнікамі буйных холдынгаў сістэмы канцэрна, ветэранамі заклаў у Мінску памятную дубовую алею ў гонар 30-годдзя стварэння канцэрна.
"Мы сустракаем юбілей з пачуццём таго, што вельмі шмат зроблена за папярэднія гады. Аднак мы павінны і ў далейшым, у прыватнасці, у будучай пяцігодцы працягнуць рух у гэтым кірунку і прымножыць нашы дасягненні", - сказаў Міхаіл Касько.
Паводле яго слоў, дастаткова шмат зроблена ў частцы мадэрнізацыі базавых прадпрыемстваў, стварэння новых магутнасцяў па цэлюлозна-папяровай прамысловасці.
"Мы і далей будзем разлічваць ужо не столькі на экстэнсіўны, колькі на інтэнсіўны, больш якасны, глыбокі рост, заснаваны на прынцыпова іншай аснове. Калі раней мы казалі аб нейкай першаснай перапрацоўцы драўніны, то цяпер ідзе гаворка аб больш глыбокай. Не проста перапрацаваць драўніну ў пліту ДСП, у фанеру альбо ў цэлюлозу, а ўжо пліту - у мэблю, цэлюлозу - у паперу, - адзначыў ён. - Таксама ў нас у планах стварыць кардонную вытворчасць, паглыбіцца ў паліграфічную дзейнасць, адкрыць новыя працоўныя месцы па больш глыбокай перапрацоўцы прадукцыі".
Усяго прадстаўнікі канцэрна высадзілі 30 саджанцаў дубоў, а таксама ўсталявалі на алеі камень з памятнай таблічкай.
У склад "Белляспаперпрама" ўваходзяць каля 50 арганізацый (у тым ліку філіялаў і іншых падраздзяленняў) розных формаў уласнасці. Канцэрн з'яўляецца адным з самых буйных вытворцаў мэблі, прадукцыі дрэваапрацоўкі, паперы і кардона ў краіне.
Крыніца: БЕЛТА
21.04.2021 17:12