Конкурс-пленэр майстроў разьбы па дрэве "Пераўвасабленне дрэва-2021" адбудзецца 2-9 ліпеня ў Бабруйскім раёне.
Больш за 30 віртуозаў разьбы па дрэве пазмагаюцца ў прафесійным майстэрстве і конкурсе талентаў.
Конкурс-пленэр арганізоўвае канцэрн "Белляспаперпрам" сумесна з беларускім прафсаюзам работнікаў лесу і прыродакарыстання на базе ААТ "ФанДАК" і пры падтрымцы Бабруйскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца пастаянныя работнікі арганізацый канцэрна "Белляспаперпрам" і лясной гаспадаркі, навучэнцы і студэнты профільных устаноў адукацыі і творчых спецыяльнасцяў, а таксама майстры разьбы па дрэве, якія працуюць самастойна альбо ў арганізацыях без ведамаснай падпарадкаванасці.
Конкурс-пленэр праводзіцца з мэтай развіцця традыцый, павышэння значнасці і прэстыжнасці прафесіі разьбяроў па дрэве, падтрымкі творчай актыўнасці майстроў разьбы па дрэве, прыцягнення ўвагі да дрэваапрацоўчай вытворчасці, выяўлення і падтрымкі таленавітых майстроў, развіцця экалагічнага турызму і актыўнага ладу жыцця. Ён пройдзе ў маляўнічым лясным масіве на беразе р. Бярэзіны на базе адпачынку "Вербкі" ў Бабруйскім раёне. На працягу тыдня майстры з усіх куткоў Беларусі і замежныя госці будуць выконваць свае конкурсныя работы.
Тэма сёлетняга конкурсу - "Купальская ноч". Работы майстроў будуць ацэньвацца ў дзвюх намінацыях.
Першая - "Садова-паркавая скульптура (і / або лаўка)". Па ўмовах конкурсу выраб у гэтай намінацыі павінен выконвацца з драўніны дуба. Вышыня нарыхтоўкі, якую дадуць арганізатары конкурсу, будзе ад 150 см, дыяметр ад 40 см. Вырабляць скульптуры неабходна бензапіламі і стамескамі, дапускаецца аздабленне лакафарбавымі матэрыяламі.
Другая намінацыя - "Мастацкая разьба". Для працы ў гэтай намінацыі майстрам на выбар будзе прадастаўлена драўніна дуба або ліпы. Памер вырабы кожны майстар абярэ сам. Дапускаецца выкарыстоўваць спецыяльныя нажы, разакі, стамескі і іншы дробны ручны інструмент. Вырабы таксама можна аздабляць лакафарбавымі матэрыяламі.
У кожнай намінацыі будуць вызначаныя пераможцы і ўладальнікі 2 і 3 месцаў. Арганізатары конкурсу рыхтуюць для іх дыпломы, кубкі і прызы. Акрамя таго, у кожнай намінацыі лепшую працу вызначаць і гледачы шляхам галасавання. Удзельніку, які набраў за сваю працу найбольшую колькасць галасоў, таксама будзе ўручаны дыплом і прыз глядацкіх сімпатый. А гледачоў і гасцей на гэтым цікавым конкурсе традыцыйна бывае шмат. Бо майстар разьбы па дрэве - гэта не проста чалавек, які выдатна валодае тэхнікай апрацоўкі драўніны, ён, вядома ж, яшчэ і мастак, які творыць сапраўдныя творы мастацтва. Таму гэты конкурс выклікае вялікую цікавасць не толькі ў прафесійных дрэваапрацоўшчыкаў, але і шырокага кола людзей, якім цікава ўбачыць, як нараджаюцца ўнікальныя скульптуры з дрэва.
Для жадаючых убачыць працу майстроў на працягу тыдня будзе арганізаваны спецыяльны аўтобусны маршрут з Бабруйска на базу адпачынку «Вербкі». Тут можна будзе паназіраць, як адбываецца пераўвасабленне дрэва ў твор мастацтва і прыемна правесці час на прыродзе ўсёй сям'ёй. Для гэтага на базе адпачынку ёсць усе ўмовы. Цікава будзе і дарослым, і дзецям.
Выстава гатовых работ удзельнікаў конкурсу і падвядзенне вынікаў адбудзецца 9 ліпеня. Дарэчы, усе работы майстроў конкурсу пасля ўпрыгожаць паркі і скверы беларускіх гарадоў. Завершыцца конкурс святочным канцэртам. Запрашаюцца ўсе жадаючыя. Уваход вольны.
Жадаючыя прыняць удзел у конкурсе могуць звярнуцца ў аргкамітэт і падаць заяўку на ўдзел. Але зрабіць гэта трэба ў тэрмін 25 чэрвеня 2021 г. Усе падрабязнасці можна ўдакладніць па тэлефоне арганізатараў +375 44 53 00 210 або праз электронную пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. .
Прэс-служба канцэрна "Белляспаперпрам"
03.06.2021 10:43