Прадпрыемствы канцэрна "Белляспаперпрам" павялічылі экспарт за студзень-май гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года на 35,8% амаль да 330 млн долараў ЗША.
За пяць месяцаў прадпрыемствы галіны на знешнія рынкі, геаграфія якіх ахапіла 60 краін, паставілі прадукцыі на 329,6 млн долараў ЗША, што на 87 млн долараў ЗША (або на 35,8%) больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.
Аснову экспарту склала прадукцыя глыбокай перапрацоўкі драўніны, іншай сыравіны і матэрыялаў. Гэта такія тавары, як мэбля (мяккая і корпусная - з масіва драўніны і драўняных пліт), розныя віды драўняна-стружкавых (у асноўным ламініраваных) і драўнянавалакністых пліт (у тым ліку падлогавых ламініраваных пакрыццяў і цеплаізаляцыйных пліт), а таксама розныя віды фанеры, паперы, кардона і цэлюлоза.
Пастаўкі на экспарт мэблі выраслі на 46,1%, драўняных пліт больш чым на 60%, фанеры - на 54,7%, паперы і кардона – амаль на 40%.
У таварнай структуры экспарту прадпрыемстваў канцэрна таксама прадстаўлены шпалеры, гатовыя драўляныя будаўнічыя канструкцыі, вокны, дзверы, прадукты лесахіміі (каніфоль, шкіпінар, смалы і масла), паганажныя вырабы, драўнянае паліва (пялеты, брыкеты і інш.), запалкі і іншае – усяго больш за 60 найменняў тавараў.
У краінавай структуры экспарту прадпрыемства канцэрна, дзякуючы актыўнай працы па дыверсіфікацыі знешняга гандлю, захоўваюць аптымальны баланс размеркавання рынкаў. Так, у краіны Еўрапейскага саюза з агульнага аб'ёму экспарту пастаўляецца 41,6% прадукцыі, у дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюза – 33,8%, на іншыя рынкі, у тым ліку «далёкай дугі», - 24,6%. Гэта дазваляе экспарцёрам не залежаць ад якога-небудзь аднаго рынку і з улікам існуючай кан'юнктуры на розных вектарах аптымальна размяркоўваць аб'ёмы продажаў.
У цэлым практычна ўсе прадпрыемствы канцэрна з'яўляюцца экспартаарыентаванымі, на знешнія рынкі яны рэалізуюць больш за 80% (калі дакладна, 81,4%) вырабленай прадукцыі.
Прэс-служба канцэрна "Белляспаперпрам"
01.07.2021 10:34