Прадпрыемствы канцэрна "Белляспаперпрам" павялічылі за студзень-кастрычнік экспарт у краіны ЕАЭС амаль у 1,5 разы.
За дзесяць месяцаў гэтага года арганізацыі канцэрна экспартавалі ў краіны Еўразійскага эканамічнага саюза прадукцыі на 263 млн долараў ЗША, што перавышае аб'ёмы аналагічнага перыяду 2020 года на 48,6%. У агульным аб'ёме экспарту прадпрыемстваў канцэрна рынак ЕАЭС займае 33,4%.
Таварная структура прадукцыі, якая пастаўляецца ў ЕАЭС, даволі шырокая, яна ахоплівае больш за 15 груп тавараў з драўніны, цэлюлозы, паперы і кардона. Асноўная доля прыпадае на мэблю і розныя драўняныя пліты (30% і 31% у структуры адпаведна), на паперу і кардон (17,7%), а таксама цэлюлозу – 12,5%. Добрым попытам у краінах ЕАЭС карыстаюцца прадукты лесахіміі (каніфоль, шкіпінар, смолы, масла і іншае), фанера, драўляныя канструкцыі, вокны, дзверы, шпалеры, запалкі і іншыя вырабы з драўніны.
У прадпрыемстваў канцэрна выбудаваныя шматгадовыя трывалыя гандлёва-эканамічныя і сяброўскія сувязі з партнёрамі з Расіі, Арменіі, Казахстана і Кыргызстана. Рынкі гэтых краін заўсёды былі і застаюцца блізкімі і перспектыўнымі для беларускай дрэваапрацоўкі. Гэтаму садзейнічаюць у тым ліку рашэнні, якія прымаюцца Еўразійскім эканамічным саюзам па развіцці ўзаемнага гандлю, экспарту і спрашчэнні працэдур перамяшчэння тавараў па тэрыторыі краін – удзельніц Саюза. Стратэгіяй развіцця ЕАЭС да 2025 года прадугледжваецца фарміраванне агульнага біржавога таварнага рынку, адзінай транспартнай прасторы. У прапрацоўцы стварэнне Еўразійскай тавараправоднай сеткі. Такім чынам, у прадпрыемстваў канцэрна ёсць усе перадумовы не толькі для ўмацавання сваіх пазіцый на рынку ЕАЭС, але і інтэнсіўнага паглыблення гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з партнёрамі з краін Саюза, у выніку якога экспарт тавараў будзе развівацца.
Прэс-служба канцэрна"Белляспаперпрам"
09.12.2021 11:52