Сёння ў Мінску адбылося падпісанне тарыфнага пагаднення паміж Беларускім вытворча-гандлёвым канцэрнам лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў лесу і прыродакарыстання на 2022-2024 гады.
Дакумент змацавалі сваімі подпісамі старшыня канцэрна «Белляспаперпрам» Міхаіл Касько і старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Часлава Гоева.
Гэта асноўны ў галіне дакумент сацыяльнага партнёрства паміж наймальнікамі і прафсаюзамі, якім замацаваны шматлікія сацыяльныя гарантыі работнікаў прадпрыемстваў канцэрна. У пагадненні на новы каляндарны перыяд захаваны ўсе прадугледжаныя раней правы, меры стымулявання работнікаў, сацыяльнай падтрымкі і паляпшэння ўмоў працы. Больш таго, шэраг з іх нават палепшаны.
    Як адзначыў Міхаіл Касько падчас падпісання дакумента, за перыяд   дзеяння папярэдняга пагаднення ўсе працоўныя калектывы ў поўнай меры   рэалізавалі планы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Забяспечаны рост   заработнай платы, палепшаны ўмовы працы, створаны дадатковыя   высокатэхналагічныя працоўныя месцы. Прадпрыемствы мелі магчымасць   аказаць больш дапамогі ў падтрымцы работнікам, якія жывуць у нястачы,   павялічыць выплаты стымулюючага характару. Дасягнутыя фінансава-   эканамічныя вынікі працы галіны ў цэлым служаць трывалым падмуркам,   каб развівацца далей і паляпшаць дабрабыт працоўных людзей.
Чэслава Гоева ў сваю чаргу падкрэсліла, што сумесная праца наймальнікаў і прафсаюза па абароне правоў і інтарэсаў чалавека працы, захаванню годнага ўзроўню заработнай платы і прывабных сацыяльных гарантый прыносіць свой плён. Працаваць на прадпрыемствах канцэрна сёння ганарова і перспектыўна. Людзі бачаць, што галіна развіваецца, у ёй можна рэалізаваць свае веды, вопыт, зрабіць прафесійную кар'еру і мець упэўненасць у заўтрашнім дні. Для нас - гэта галоўны арыенцір і мэта, - рэзюмавала Чэслава Станіславаўна, - зрабіць так, каб чалавек працаваў з задавальненнем і з аптымізмам глядзеў у будучыню.
Прэс-служба канцэрна "Белляспаперпрам"
09.12.2021 16:39