БУДУЧЫНЯ КРАІНЫ! Пад такім дэвізам сёння адбыўся моладзевы форум канцэрна "Белляспаперпрам" у Мінску. Удзел у ім прынялі больш за 40 маладых работнікаў прадпрыемстваў галіны.
Арганізатарамі форуму выступілі "Белляспаперпрам" і Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання. Перад удзельнікамі форуму выступіў прафесійны гісторык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Клішэвіч. У цэнтры ўвагі - гістарычная памяць, нашы вытокі і роля моладзі ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны! "Надзея на вас - маладых, вы захаваеце нашу гісторыю, нашы каштоўнасці і сапраўдныя нацыянальныя сімвалы Беларусі, у тым ліку нацыянальны дзяржаўны сцяг", - падкрэсліў парламентарый. Гісторыя гэтага найважнейшага сімвала дзяржавы, пра якую расказаў парламентарый, выклікала вялікую цікавасць удзельнікаў форуму.
Аб дасягненнях прадпрыемстваў канцэрна і перспектывах іх развіцця моладзі распавёў намеснік старшыні канцэрна Аляксандр Пшонны (чытаць пра гэта тут: БЕЛТА).
Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Чэслава Гоева ў сваю чаргу адзначыла, што прафсаюз заўсёды падставіць плячо таму, каму патрэбна дапамога і падтрымка. Сёння створаны ўсе неабходныя ўмовы для ўсебаковага развіцця моладзі, - адзначыла яна. - Галіновы прафсаюз аказвае ўсялякую дапамогу і падтрымку маладым людзям у абароне іх правоў і інтарэсаў, прадастаўленні сацыяльных гарантый, творчым і прафесійным станаўленні і самарэалізацыі. Аднак, важна праяўляць ініцыятыву, бо толькі дзякуючы актыўнай жыццёвай пазіцыі чалавека, можна дамагчыся поспеху ў будучыні".
Адбылася таксама дыскусія, падчас якой маладыя людзі абмеркавалі розныя пытанні, меркаванні і прапановы. Па выніках форуму вырашылі збірацца кожны год і разам будаваць будучыню галіны і роднай Беларусі!
Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі форуму азнаёміліся з дзейнасцю рэзідэнтаў маладзёжнага бізнес-інкубатара сталіцы.
02.02.2022 17:21