Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» расчыніць свае дзверы для гасцей у Дзень беларускага пісьменства, які сёлета будзе адзначацца ў г. Добрушы 3-4 верасня.
Для ўсіх жадаючых будуць арганізаваны экскурсіі на вытворчасць паперы, кардона і вырабаў з іх. Абавязковы пункт у маршруце - музейная экспазіцыя фабрыкі. Яна была створана ў 2020 годзе, калі фабрыка адзначала 150-годдзе з дня заснавання.
Дарэчы, і бягучы год знакавы для Добрушскай папяровай фабрыкі. 150 гадоў таму ў 1872 годзе на фабрыцы была атрымана першая абгортачная папера, а роўна 100 гадоў таму 17 кастрычніка 1922 года фабрыцы за высокія дасягненні і заслугі перад грамадствам было прысвоена званне «Герой працы».
3-4 верасня ў Дзень беларускага пісьменства для шматлікіх гасцей і жыхароў Добруша фабрыка таксама абсталюе ў горадзе выставачны павільён, дзе будзе прадстаўлена ўся прадукцыя, якая вырабляецца сёння. У тым ліку і пісчая папера, яе, дарэчы, фабрыка вырабляе з 1875 года.
05.08.2022 12:37