Ордэн Пашаны з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ўчора атрымаў генеральны дырэктар ААТ "Мастоўдрэў" Сяргей Асосаў.

Гэтай высокай дзяржаўнай узнагароды Сяргей Барысавіч удастоены за шматгадовую плённую працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і распрацоўку інавацыйнай прадукцыі.

Сяргей Асосаў з'яўляецца Заслужаным работнікам прамысловасці Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны знакам адрознення канцэрна "Белляспаперпрам" "За асабісты ўклад у развіццё галіны" і многімі іншымі ўзнагародамі.

 

  

   Сяргей Барысавіч у галіны і на прадпрыемстве практычна ўсё сваё працоўнае жыццё. Як прыйшоў у 1979 г. на працу вучнем цесляра Мастоўскага вытворчага   дрэваапрацоўчага аб'яднання «Мастоўдрэў», так і застаўся тут на ўсё сваё працоўнае жыццё. Прайшоў прыступкі прафесійнага і кар'ернага росту. З 2006 года ўзначальвае   прадпрыемства.

    "Ушаноўваем беларусаў, якія сваім талентам, працавітасцю дасягнулі вялікіх вышынь у вытворчай і творчай дзейнасці, у служэнні Радзіме і свайму народу, - адзначыў   сёння Аляксандр Лукашэнка падчас цырымоніі ўзнагароджання заслужаных людзей краіны ў Палацы Незалежнасці. - У Год гістарычнай памяці лічу важным падкрэсліць,   што дзень 17 верасня вярнуўся ў наш святочны каляндар не толькі як напамін пра каштоўнасць свабоды і незалежнасці, але і як даніна эпосе, якая падарыла нам,   беларусам, права заняць сваё месца на карце свету".

   Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яны ішлі да сваіх заслужаных дзяржаўных узнагарод - ордэнаў, медалёў,   ганаровых званняў, як часта бывае ў жыцці, праз узлёты і падзенні, праз цяжкасці і перашкоды, але заўсёды сумленна і годна. У кожнага за плячыма свая жыццёвая   гісторыя і свой шлях.

    Прэзідэнт падкрэсліў, што ў яго вачах кожная гісторыя заслугоўвае асобнага аповеду, асобных слоў падзякі. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх з надыходзячым святам   - Днём народнага адзінства - і пажадаў, каб заслужаныя ўзнагароды і званні сталі чарговай прыступкай да новых прафесійных і творчых перамог у іх жыцці.    

    З словам у адказ ад асобы ўзнагароджаных выступіў удастоены ордэна Пашаны генеральны дырэктар ААТ "Мастоўдрэў" Сяргей Асосаў.

   У першую чаргу ён падзякаваў Прэзідэнту за высокую ўзнагароду і падкрэсліў, што гэтая ўзнагарода заслуга ўсяго больш чым   паўтаратысячнага калектыву. "Гэта напружаная праца, энергія, ініцыятыва і прафесіяналізм усіх работнікаў Мастоўдрэва, - сказаў Сяргей   Барысавіч. - Дзякуючы асабістай увазе і падтрымцы кіраўніка дзяржавы дрэваапрацоўчая галіна правяла маштабную мадэрнізацыю і   выйшла на зусім новы ўзровень вытворчасці. Работнікі прадпрыемства працуюць у камфортных умовах, выконваючы пастаўленыя   кіраўніцтвам краіны задачы і атрымліваючы годную заработную плату. За гэта вам вялікі дзякуй, Аляксандр Рыгоравіч! Напярэдадні   вялікага свята, Дня народнага адзінства віншую вас і ўвесь беларускі народ з надыходзячым святам, якое сімвалізуе яднанне нас –   беларусаў. Упэўнены, мы заўсёды будзем такімі ж адзінымі, дружнымі і разам будзем працаваць на карысць нашай роднай Беларусі. Ад   усёй душы жадаю вам і ўсім беларусам моцнага здароўя, міру і дабрабыту! Шчыра дзякую!"- сказаў у сваім выступе Сяргей Асосаў.

                

Прэс-служба канцэрна "Белляспаперпрам"

14.09.2022 11:01