Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда наведаў на мінулым тыдні філіял ААТ "Гомельдрэў" "Паркетны завод" у г. Смалявічы.


Ён сустрэўся з працоўным калектывам, пагаварыў з людзьмі аб актуальным – сённяшнім і заўтрашнім дні прадпрыемства.

Дырэктар філіяла ААТ "Гомельдрэў" "Паркетны завод" Аляксандр Касперчук распавёў Міхаілу Ардзе, што цяпер рынак цалкам перамясціўся з Еўрапейскага ў Азію.

- Санкцыі адбіліся на нашым прадпрыемстве, як і на ўсёй дрэваапрацоўцы. У асноўным, гэта тычыцца піламатэрыялаў, якія ішлі на экспарт у Еўропу. Дошка і брускі пад заказ еўрапейцаў – усё сыходзіла праз гандлёвую біржу. Туды ж прадавалі паркетную дошку і паркет. У мінулым годзе продажу піламатэрыялаў былі вельмі вялікія і кошты высокія. З Азіяй мы працуем ужо 30 гадоў. Супрацоўнічаем з кампаніямі з Казахстана, Азербайджана, Грузіі, Арменіі. З Ірана прыязджалі цікавіліся, з Арабскіх Эміратаў бралі пробныя партыі. Кітайскія прадстаўнікі нядаўна прыязджалі, таксама ўзоры глядзелі. Магчыма, і з гэтым рынкам будзем гандляваць, – дзеліцца кіраўнік прадпрыемства.

Аляксандр Касперчук падкрэслівае, што трэба час, каб прайсці пераарыентацыю рынку, і ўсё наладзіцца. Але сёння вытворчасць загружана - гэта самае галоўнае!

18.10.2022 09:26