Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 20 мая ў час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць наведаў ААТ "Светлагорскі ЦКК", дзе было разгледжана пытанне аб ходзе рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода па вытворчасці беленай цэлюлозы.
На заводзе па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы ў Светлагорску будуць выкарыстоўвацца самыя сучасныя тэхналогіі. Пра гэта паведаміў сёння журналістам у час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах кіраўніка ўрада, вытворчасць, якая ствараецца на базе ААТ "Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат", будзе ўведзена ў строй, як і прадугледжвалася даручэннямі кіраўніка дзяржавы, у канцы 2015 года. Для яго будаўніцтва выкарыстоўваецца крэдыт кітайскага банка. Тэхналагічнае ядро ствараецца вядомай аўстрыйскай кампаніяй Andritz - сусветным лідэрам рынку абсталявання і паслуг для цэлюлозна-папяровай прамысловасці.
Высокая тэхналагічнасць прадукту, пры вытворчасці якога будзе выкарыстоўвацца мясцовая сыравіна - балансавая драўніна, істотна павышае яго канкурэнтаздольнасць, нягледзячы на тое што рынкі традыцыйных партнёраў у апошні час істотна праселі.
"Будаўніцтва завода праведзена ў кароткія тэрміны. Цяпер неабходна паспяхова завяршыць праект, і мы трапляем у рынак. Гэта вельмі добрая перспектыва", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.
Доследная партыя сульфатнай беленай цэлюлозы будзе атрымана на новым заводзе ў кастрычніку. Магутнасць вытворчасці складае 400 тыс. т цэлюлозы ў год. Прыкладна 75% гэтага аб'ёму будзе ісці на экспарт.
Увод у строй гэтага завода ў чатыры разы павялічыць аб'ём вытворчасці таварнай прадукцыі ААТ "Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат".