У мэтах прасоўвання беларускага экспарту ў краіны далёкай дугі і наладжвання двухбаковага супрацоўніцтва Мінскім аддзяленнем БелГПП сумесна з Тэгеранскай палатай гандлю, прамысловасці, шахт і сельскай гаспадаркі пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Іране арганізаваны дзелавы візіт у Тэгеран.
Удзельнікам беларускай дэлегацыі з боку канцэрна "Белляспаперпрам"стаў намеснік генеральнага дырэктара па эканамічных пытаннях ААТ "Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат" Юрый Бердовіч.
"Завод пастаўляе беленую цэлюлозу ў Іран. Мэта візіту - выйсці на якасна новы ўзровень супрацоўніцтва. Плануем павялічыць аб'ёмы экспарту, а таксама пашырыць кааперацыйныя сувязі па пытаннях паставак хіміі з Ірана, неабходнай для вытворчасці цэлюлозы", – распавёў Юрый Аляксандравіч.
У рамках дзелавога візіту адбыўся бізнес–форум «Іран-Беларусь», прайшлі двухбаковыя перамовы паміж прадстаўнікамі бізнесу дзвюх краін. Супрацоўнікі беларускіх прадпрыемстваў наведаюць Міністэрства прамысловасці і гандлю Ірана, а таксама шэраг іранскіх кампаній.
Прэс-служба канцэрна "Белляспаперпрам"
17.10.2023 10:13