Ельская мэблевая фабрыка ўключана ў праграму "Адзін раён - адзін праект"
Адкрыццё лесапільнага цэха і двух фарбавальных камер тут было прадугледжана абласной праграмай развіцця на пяцігодку, але ўключэнне прадпрыемства ў праграму «Адзін раён – адзін праект» дазволіць завяршыць чарговы этап мадэрнізацыі ўжо ў снежні.
Укладанні ў развіццё прадпрыемства склалі 390 тысяч рублёў. Яшчэ 200 тысяч трэба будзе выдаткаваць на ўстаноўку сістэмы пажаратушэння.
Габлявальна-калібравальны станок бязвыплатна атрыманы ад галаўнога прадпрыемства - Мазырскага дрэваапрацоўчага камбіната. Абсталяванне для раскрою драўніны (брусавальны, шматпільны і кромкаабразны станкі) набыта фабрыкай у гэтым годзе за ўласныя сродкі.
"Калі лесапільны цэх пачне працаваць на поўную магутнасць, можна будзе прыступіць да вытворчасці паганажных вырабаў: вагонкі, плінтусоў, ліштвы. Для гэтага таксама спатрэбіцца дадатковае абсталяванне: лінія аптымізацыі і лінія зрошчвання. Так што траекторыя развіцця намечана", - распавядае дырэктар Ельскай мэблевай фабрыкі Сяргей Патапенка.
Прэс-служба канцэрна "Белляспаперпрам"
31.10.2023 15:41