У Беларусі распрацоўваецца сістэма мер для павышэння эфектыўнасці дрэваапрацоўчай галіны. Пра гэта сёння журналістам паведаміў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў.

Па словах Андрэя Кабякова, ураду даручана дадаткова вывучыць прапанаваныя меры, перад тым як канчаткова ўнесці іх на разгляд Прэзідэнту. Прэм'ер нагадаў, што ў гэтым годзе кіраўнік дзяржавы падпісаў указ, які палегчыў абслугоўванне фінансавай запазычанасці дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Дакумент быў прыняты, зыходзячы з няпростай сітуацыі, у якой апынулася галіна ў сілу вонкавых і ўнутраных чыннікаў.

Выніковасць прынятых мер была прааналізавана сёння на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця арганізацый дрэваапрацоўкі, адзначыў Андрэй Кабякоў. "Прычым разглядалася сукупнасць праблем. Абслугоўванне фінансавай запазычанасці было не адзінай тэмай. Гаворка ішла аб зніжэнні выдаткаў, павышэнні якасці прадукцыі, дыверсіфікацыі рынкаў збыту", - распавёў кіраўнік урада. Ён звярнуў увагу, што дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы за пяць месяцаў бягучага года накіравалі ў краіны далёкага замежжа 32% ад агульнага аб'ёму выпушчанай прадукцыі. Для параўнання ў 2012 годзе гэты паказчык крыху перавышаў 20%.

"Вынікі ёсць, але пакуль яны не задавальняюць, - падкрэсліў прэм'ер. - Былі напрацаваны прапановы, як больш хуткімі тэмпамі забяспечыць працэс уваходжання нашых прадпрыемстваў на сусветны рынак".

Андрэй Кабякоў адзначыў, беларуская дрэваапрацоўка па аб'ёмах выпускаемай прадукцыі становіцца важным гульцом на рэгіянальным рынку. У гэтай сувязі, па словах прэм'ера, неабходна сістэмна павышаць якасць менеджменту, шукаць новыя падыходы ў рэалізацыі прадукцыі, распрацоўваць эфектыўныя маркетынгавыя стратэгіі.

БелТА