Дзяржава выкупіць частку актываў прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі, якія ў наступным будуць перададзены Банку развіцця. Гэта прадугледжана ўказам №257 ад 24 чэрвеня 2015 года, які апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з дакументам, Міністэрству фінансаў даручана да 1 кастрычніка бягучага года набыць актывы і адпаведныя правы, сфармаваныя па крэдытах, прадастаўленых прадпрыемствам у 2007-2014 гадах, і да 1 лютага 2017 г. - фармаваныя па крэдытах, якія прадастаўляюцца ў 2015-2016 гадах адкрытымі акцыянернымі таварыствамі "Ашчадны банк "Беларусбанк", "Белаграпрамбанк", "Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі "Белінвестбанк" і "БПС-Ашчадбанк". Набыццё актываў будзе ажыццяўляцца на падставе распрацаваных крэдытаатрымальнікамі бізнес-планаў развіцця, якія атрымалі станоўчыя заключэнні Банка развіцця, "Белляспаперпрама", а таксама Міністэрства эканомікі і Міністэрства фінансаў. Як растлумачылі ў канцэрне "Белляспаперпрам", каментуючы гэты дакумент, будзе праведзена глыбокая рэструктурызацыя гэтых даўгоў праз эмісію Мінфінам дзяржаўных доўгатэрміновых аблігацый і набыццё гэтых папер банкамі на адпаведныя тэрміны.
Плануецца, што рэструктурызацыя запазычанасці прадпрыемстваў дасць магчымасць зменшыць празмерную даўгавую нагрузку на бягучым этапе, паменшыць нагрузку на рэспубліканскі бюджэт у частцы выканання гарантыйных абавязацельстваў перад банкамі і палепшыць якасць крэдытных партфеляў саміх банкаў.