Прадпрыемствы канцэрна «Белляспаперпрам» планамерна нарошчваюць долю экспарту на рынкі далёкага замежжа.
За першае паўгоддзе бягучага года доля адгрузак прадукцыі ў краіны па-за СНД ад агульнага аб'ёму экспарту вырасла на 5,2%.
Такім чынам, з агульнага аб'ёму экспарту 34,2% прыпадае на рынкі далёкага замежжа. У першым паўгоддзі 2014 гэты паказчык быў на ўзроўні 29%.
У выніку правядзення актыўнай работы па дыверсіфікацыі экспарту арганізацыям канцэрна ўдалося не толькі пашырыць сваю прысутнасць на рынках такіх краін, як ЗША, Славакія, Іран, Нідэрланды, Іспанія, Італія і іншых, але і выйсці на новыя гандлёвыя пляцоўкі - В'етнам, Афганістан, Егіпет, а таксама Македонія, Ірландыя і Харватыя.
На новыя рынкі збыту са сваёй прадукцыяй выйшлі мадэрнізаваныя дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы канцэрна. Так, за студзень-чэрвень экспарт драўнянавалакністых пліт гэтых вытворчасцей у далёкае замежжа вырас у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года больш чым у 2,6 разы - да 2,75 млн дал. ЗША.
Геаграфія экспарту па гэтаму віду прадукцыі ахоплівае 15 краін далёкага замежжа. Сярод асноўных пакупнікоў беларускіх ДВП Эстонія, Іран, Польшча, Нідэрланды і шэраг іншых дзяржаў.
Амаль у пяць разоў - да 1,6 млн дал. павялічыліся адгрузкі фанеры ў ЗША. У першым паўгоддзі 2014 года ў гэтую краіну было пастаўлена фанеры толькі на 331,1 тыс. дал. Упершыню фанера пастаўлена ў Егіпет і Афганістан. Больш чым у два разы павялічыўся яе экспарт у Іспанію, Італію, Латвію і Аўстрыю.
Рэкордны тэмп росту экспарту дасягнуты па адгрузках драўняна-стружкавых пліт у Польшчу. За шэсць месяцаў прадпрыемствы канцэрна паставілі ў гэтую краіну ДСП на суму 1,49 млн. дал., тады як у першым паўгоддзі мінулага года - усяго на 10,5 тыс. даляраў.
Таксама істотна павялічыліся адгрузкі ДСП у Літву і Германію. Пачаты пастаўкі гэтай прадукцыі ў Латвію, Грузію, Турцыю і Францыю.
Што тычыцца прадукцыі цэлюлозна-папяровай вытворчасці, то тут назіраецца станоўчая дынаміка ў экспарце паперы і кардона ў Арменію (187,6% да ўзроўню мінулага года), Германію (141,3%), Узбекістан (140,1%) і шэраг іншых краін . Растуць аб'ёмы паставак мэблі ў Злучанае Каралеўства, Славенію, Славакію, Чэхію, Францыю, Латвію, Венгрыю і Балгарыю.
Усяго прадпрыемствы канцэрна ў першым паўгоддзі 2015 паставілі сваю прадукцыю ў 45 краін далёкага і блізкага замежжа на суму 168,4 млн. дал.