Праз два гады укладзеныя ў мадэрнізацыю беларускай лесаперапрацоўкі грошы пачнуць прыносіць аддачу. Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка сёння ў час адкрыцця рэспубліканскага чэмпіянату «Лесаруб-2015» у Пінску.
Намеснік прэм'ер-міністра адзначыў, што ў Беларусі кожны год прырастае 30 млн. кубаметраў лесу. «Гэта падарунак ад прыроды і Бога, які трэба выкарыстоўваць. Раней мы секлі прыкладна 11 мільёнаў кубаметраў, цяпер выйшлі на 15 мільёнаў, а ў перспектыве павінны выйсці на нарыхтоўку 18-20 мільёнаў кубаметраў драўніны.
Для таго, каб дасягнуць гэтых вынікаў, неабходныя не толькі сякеры і бензапілы, але і іншая больш магутная лесанарыхтоўчая тэхніка, якая выпускаецца на прадпрыемствах Беларусі. Гэта розныя маніпулятары, харверстеры », - сказаў у час выступу ў Пінску Уладзімір Сямашка.
Таксама ён сказаў, што за пяць гадоў у прадпрыемства канцэрна «Белляспаперпрам» дзяржава інвесціравала больш за 2,5 мільярда даляраў. Мадэрнізаваны і будуюцца прадпрыемства па вытворчасці беленага кардона, ламінаваных драўняных пліт і пліт МДФ, мэблевая вытворчасць і прадпрыемствы малой энергетыкі.
«Мы ўжо падыходзім да ўзроўню поўнай перапрацоўкі драўніны. Абсталяванне на некаторых аб'ектах не абнаўлялі па дваццаць-трыццаць гадоў. Зараз гэта ўжо сучасныя прадпрыемствы, на якіх выпрацоўка на аднаго чалавека вырасла ў разы. Напрыклад, на ААТ «Івацэвічдрэў» раней было крыху больш за 23 тысяч долараў выпрацоўкі ў год на аднаго работніка, то цяпер ужо 195 тысяч. А гэта значыць, што эканоміка прадпрыемства становіцца ўстойлівай і растуць даходы у працоўных, - адзначыў намеснік прэм'ер-міністра.
- Зараз неабходна ўлічваць сітуацыю, якая склалася на сусветных рынках. Цэны на нафту ўпалі. Так як гэта індыкатар эканамічных працэсаў, то падаюць цэны і на прамысловую прадукцыю. Напрыклад, на пліты МДФ цэны ўпалі ў два разы. Але мы лічым, што праз два гады дзяржаўныя інвестыцыі пачнуць акупляцца і прыносіць да 1,5 мільярдаў даляраў у бюджэт краіны».