Адзіны гандлёвы дом для продажу ДСП плануецца стварыць на базе "Івацэвічдрэў". Пра гэта паведаміў журналістам на адкрыцці XXII Міжнароднай спецыялізаванай выставы-кірмашу "Мэбля-2016" старшыня канцэрна "Белляспаперпрам" Юрый Назараў.
Гаворачы аб становішчы прадпрыемстваў, якія займаюцца вытворчасцю драўнянастружкавых пліт (ДСП), у прыватнасці ААТ "Івацэвічдрэў" і ААТ "Рэчыцадрэў", Юрый Назараў адзначыў, што цяпер ствараецца адзіны гандлёвы дом для продажу пліт ДСП.
"Прадпрыемства ў Івацэвічах пачало працу крыху раней, загрузка магутнасцяў там цяпер даходзіць да 100%. А вось у "Рэчыцадрэў" ёсць пакуль цяжкасці. Для таго каб рэалізоўваць прадукцыю гэтых прадпрыемстваў, мы і ствараем адзіны гандлёвы дом. Што тычыцца пліт МДФ, то прадпрыемствы , якія іх выпускаюць, зараз выходзяць на праектныя магутнасці", - растлумачыў ён.
Па словах Юрыя Назарава, у канцэрна ёсць некалькі прыярытэтных напрамкаў работы.
"Усе яны знайшлі адлюстраванне ў праграме развіцця прадпрыемстваў канцэрна да 2025 года. Гэта і нарыхтоўка драўніны, і праца нашых плітных вытворчасцей (у мінулым годзе мы ўжо практычна звялі на нішто імпарт па пліце), мэблевая, а таксама цэлюлозна-папяровая прамысловасць. Калі казаць аб апошнім кірунку, то цяпер ствараем две буйныя вытворчасці: у Светлагорску і Добрушы", - падкрэсліў ён.
Як паведаміў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, увядзенне ў строй новых вытворчасцей на Добрушскай папяровай фабрыцы і Светлагорскім ЦКК адбудзецца ў 2016 годзе.