Старшыня канцэрна «Белляспаперпрам» Юры Назараў прадставіў стратэгію развіцця ляснога комплексу Рэспублікі Беларусь на Першым спецыялізаваным міжнародным форуме «Лес і чалавек-2015. Дрэваапрацоўка», які ўчора адкрыўся ў Маскве.
У сваім выступе ён адзначыў, што ў Беларусі рабоце ляснога сектара надаецца вялікая ўвага. У рэспубліцы рэалізуецца шэраг дзяржаўных праграм, накіраваных на дынамічнае развіццё ляснога комплексу і павелічэнне яго ўнёску ў эканоміку краіны.
Галоўнымі арыенцірамі ўстойлівага развіцця вызначаны: эфектыўнае кіраванне, рацыянальнае лесакарыстанне, а таксама развіццё вытворчасцей глыбокай перапрацоўкі драўніны і атрыманне прадукцыі з высокім дабаўленым коштам.
У Беларусі актыўна развіваюцца дрэваапрацоўчыя магутнасці. Канцэпцыя гэтага развіцця будуецца на наяўнай сыравіннай платформе.
У 2007 годзе Кіраўніком дзяржавы было прынята рашэнне аб правядзенні мадэрнізацыі асноўнай базы дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў краіны і стварэнні новых сучасных вытворчасцей, арыентаваных на засваенне мясцовых лясных рэсурсаў і выпуск канкурэнтаздольнай, імпартазамяшчальнай і экспартаарыентаванай прадукцыі.
Такім чынам, да 2015 года ў краіне па-новаму зарабілі больш за дзесятак самых сучасных высокатэхналагічных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.
Працэс мадэрнізацыі працягваецца. Цяпер рэалізуюцца тры інвестыцыйныя праекты ў цэлюлозна-папяровай прамысловасці.
Да канца года Завод газетнай паперы ўжо ўводзіць у эксплуатацыю вытворчасць паперы-асновы дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў магутнасцю 30 тыс. тон у год.
У 2016 годзе Светлагорскі ЦКК пачне выпускаць сульфатную беленую цэлюлозу ў аб'ёме 400 тыс. тон.
Далей, у 2017 годзе, Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» запусціць вытворчасць мелаваных і немелаваных відаў кардона магутнасцю 200 тыс. тон у год.
У выніку, аб'ёмы вытворчасці паперы і кардона павялічацца ў 2 разы - да 630 тысяч тон, цэлюлозы ў 7 разоў - да 460 тысяч тон у год.
Яшчэ адзін напрамак, якому ў працэсе мадэрнізацыі надаецца ўвага, - безадходная вытворчасць. Тэхнічнае пераўзбраенне праводзіцца з улікам арганізацыі выкарыстання практычна ўсяго асартыменту драўнянай сыравіны: як дзелавой драўніны, тэхналагічнай сыравіны (нізкасортнай, дробнатаварнай драўніны) так і адходаў лесанарыхтовак і лесапілавання.
Адходы вытворчасці задзейнічаны ў энергетыцы. Пабудаваныя ўласныя энерга- і цеплакрыніцы, якія працуюць на драўняных адходах, а таксама створаны вытворчасці па выпуску дранкі, паліўных гранул і брыкетаў.
Развіццё дадзенага кірунку ў галіне становіцца прыярытэтным, бо дазваляе ўцягнуць у сістэму перапрацоўкі практычна ўвесь аб'ём нізкагатунковай драўнянай сыравіны і атрымаць эканамічны эфект.
Па шляху інавацыйных пераўтварэнняў ідзе і мэблевая вытворчасць. Прадпрыемствы аснашчаны высокатэхналагічным абсталяваннем, што дазваляе, пры выкарыстанні ўласнай сыравіны, намаганнямі вопытных рабочых, інжынераў, канструктараў і дызайнераў ствараць якасную бытавую і спецыяльную мэблю шырокага асартыменту - ад простай да элітнай.
У мэтах далейшых пераўтварэнняў і развіцця галіны Урадам Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб стварэнні Дзяржаўнай праграмы «Беларускі лес 2016-2020», якой прадугледжана павялічыць аб'ём перапрацоўкі драўніны на 95% і забяспечыць глыбіню яе перапрацоўкі вышэй 80%.
Такім чынам, прадпрыемствы канцэрна значна павялічаць свой уклад у забеспячэнне рацыянальнага выкарыстання лесасыравінных рэсурсаў краіны, павышэнне эфектыўнасці працы лесапрамысловага комплексу ў цэлым і рашэнне агульных сацыяльна-эканамічных пытанняў дзяржавы.
Прыярытэтамі для развіцця беларускай дрэваапрацоўкі вызначаны - далейшае развіццё вытворчасцей, захаванне і ўмацаванне працоўных калектываў, стымуляванне інвестыцыйнай актыўнасці, а таксама фарміраванне «зялёнай» эканомікі, якая базуецца на энергазберажэнні, укараненні экалагічных і эфектыўных тэхналогій.
Першы спецыялізаваны міжнародны форум «Лес і чалавек-2015. Дрэваапрацоўка» арганізаваны Гандлёва-прамысловай палатай Расійскай Федэрацыі і Саюзам лесапрамыслоўцаў і лесаэкспарцераў Расіі.
У рамках форуму прайшло пленарнае пасяджэнне, на якім былі прадстаўлены «План дзеянняў Урада РФ па развіццю лясной комплексу Расіі і дрэваапрацоўчай прамысловасці ў прыватнасці», «Стратэгія развіцця ляснога комплексу Рэспублікі Беларусь», абмеркаваны асноўныя выклікі і праблемы галіны ў сучасных умовах і шляхі іх пераадолення і шэраг іншых актуальных тэм.
Таксама адбыліся розныя круглыя сталы і дзелавыя сустрэчы, падчас якіх старшыня канцэрна абмеркаваў пытанні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з прадстаўнікамі розных арганізацый і прадпрыемстваў.