Цёплая святочная атмасфера панавала ўчора ў Бабруйскай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху. Тут адбылася сустрэча кіраўніцтва канцэрна з выхаванцамі і педагагічным калектывам установы.
Удзельнікаў свята вітаў намеснік старшыні канцэрна «Белляспаперпрам» Генадзь Дзікавіцкі.
Віншуючы дзяцей з надыходзячымі навагоднімі святамі, Генадзь Дзікавіцкі сказаў: «Я вельмі рады, што мы зноў сустракаемся з вамі, рады бачыць вашы ўсмешкі, добры настрой і запал».
Ён пажадаў усім навучэнцам дабра і шчасця, добра сустрэць Новы год і весела правесці канікулы. «Будзьце моцнымі і здаровымі. Жадаю, каб вас заўсёды акружалі клапатлівыя і добрыя людзі», - падкрэсліў Генадзь Дзікавіцкі.
А для таго каб абстаноўка ў інтэрнаце была як мага больш набліжанай да хатняй і дзецям было ў ім утульна, канцэрн падарыў школе мэблю для навучальных класаў і спальных пакояў выхаванцаў (усяго 75 адзінак).
З падарункамі да дзяцей прыйшлі і прадстаўнікі прадпрыемстваў канцэрна, размешчаных у Бабруйску, ААТ "ФанДАК" і ЗАТ "Бабруйскмэбля". Вядома, не з пустымі рукамі, а з цукеркамі і мэбляй.
Дзеці ў сваю чаргу паказалі свае таленты. Падрыхтаваны імі канцэрт стаў сапраўдным падарункам для дарослых. Песні, танцы і модны паказ адзення, пашытага сваімі рукамі, падарылі ўсім добры настрой і масу станоўчых эмоцый.
Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», УА "Бабруйская дзяржаўная спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху", 16 снежня 2015 г.