Канцэрны «Беллеяспаперпрам» і «Беллегпрам» дамовіліся аб больш цеснай кааперацыі. Гаворка ідзе аб вытворчасці тканін, скуры і фурнітуры пад заказ мэблевых прадпрыемстваў.
Пытанні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва двух ведамстваў абмяркоўваліся ўчора на сустрэчы кіраўнікоў канцэрнаў, спецыялістаў і прадстаўнікоў профільных прадпрыемстваў - вытворцаў тканін, скуры, фурнітуры і мяккай мэблі. Мэблевыя прадпрыемствы канцэрна "Белляспаперпрам" штогод для вытворчасці мэблі закупляюць за мяжой розныя тканіны і скуру ў сярэднім на 10 млн. даляраў ЗША. Асаблівым попытам карыстаюцца шэніл, жакард і натуральная скура.
Галоўнымі паказчыкамі пры выбары тканіны мэбельшчыкі вызначаюць якасць, модныя размалёўкі і дызайн. Не на апошнім месцы і кошт тавару.
Карыстаюцца попытам і айчынныя матэрыялы. Прычым паступова іх закупляюць усё больш. Гэта сведчыць аб тым, што тэкстыльная прамысловасць Беларусі актыўна развіваецца і гатова прапанаваць вытворцам мэблі годныя матэрыялы.
Напрыклад, вядучы беларускі вытворца мяккай мэблі ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» ужо актыўна працуе з прадпрыемствамі канцэрна «Беллегпрам», закупляючы ў іх дастаткова вялікія аб'ёмы натуральнай скуры і тканіны. Айчынныя матэрыялы ў сваей вытворчасці выкарыстоўваюць і ЗАТ «Маладзечнамэбля», ААТ «Гомельдрэў», ААТ «Мінскпраектмэбля».
Прадпрыемствы і надалей гатовыя ісці па шляху імпартазамяшчэння. Аднак ад айчынных вытворцаў ім хацелася б бачыць больш шырокі асартымент матэрыялаў, сучасныя расфарбоўкі і дызайн. Яшчэ адным важным фактарам з'яўляецца фармат тканін.
Для мэблевай вытворчасці ён павінен быць больш шырокім. Трэці фактар - кошт. Для таго каб складаць канкурэнцыю замежным вытворцам, неабходна забяспечыць не толькі шырокі асартымент і якасць, але і прымальны кошт. Тое ж датычыцца і мэблевых аксэсуараў - фурнітуры.
Усе гэтыя пытанні і былі разгледжаны на нарадзе двух ведамстваў. Бакі дамовіліся працаваць на прынцыпах кааперацыі. Вытворцы тканін і скуры выказалі гатоўнасць працаваць непасрэдна пад заказы мэблевых прадпрыемстваў, вырабляць менавіта тое, што ім трэба, разам вывучаць модныя тэндэнцыі ў афармленні мяккай мэблі, замежны вопыт і ўкараняць яго тут. Вядома ж, вытворцы мэблі, таксама зацікаўлены менавіта ў такой працы. Пры гэтым, яны адзначаюць, што тэкстыльнай прамысловасці неабходна быць такой жа гнуткай, якімі з'яўляюцца мэблевыя прадпрыемствы. Асартымент у мяккай мэблі змяняецца вельмі хутка. Дызайнеры прапануюць новыя мадэлі, новыя малюнкі на тканінах некалькі разоў на год. Таму тут выйграе той, хто не адстае ад зададзенага тэмпу.