Канцэрн «Белляспаперпрам» наведала дэлегацыя Турэцка-Беларускага савета дзелавога супрацоўніцтва пры Савеце па знешнеэканамічных сувязях Турцыі на чале з Сефай Гемденізам.
Сустрэчу правёў намеснік старшыні канцэрна Міхаіл Касько.
Як адзначыў старшыня турэцка-беларускага дзелавога савета Сефа Гемденіз, візіт дэлегацыі дзелавых колаў Турцыі з'яўляецца яшчэ адным крокам у развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва пасля беларуска-турэцкага інвестыцыйнага форуму, які нядаўна прайшоў у Стамбуле.
Прадстаўнікі турэцкага бізнесу зацікаўлены ва ўсталяванні кантактаў з беларускімі кампаніямі. Сефа Гемденіз падкрэсліў, што ў нашых краін шмат агульнага. Мы не валодаем багатымі прыроднымі рэсурсамі, такімі як нафта або газ, але ў абедзвюх краін ёсць вялікі патэнцыял у развіцці розных галін прамысловасці, у тым ліку дрэваапрацоўчай і мэблевай. Пры гэтым галоўным патэнцыялам з'яўляюцца людзі, якія любяць працаваць і могуць зрабіць многае.
Кіраўнік савета прапанаваў наладзіць супрацоўніцтва па абмене вопытам, арганізаваць удзел беларускіх вытворцаў у маштабных міжнародных выставах, якія праводзяцца ў Турцыі. Ён адзначыў, што цяпер іх краіна актыўна развівае супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі, Азіі і Далёкага Усходу, і гэта можа быць цікава для беларускіх кампаній.
Намеснік старшыні канцэрна «Белляспаперпрам» Міхаіл Касько у сваю чаргу таксама выказаў зацікаўленасць дрэваапрацоўчай галіны Беларусі ў супрацоўніцтве з турэцкімі кампаніямі, прычым не толькі ў пастаўках разнастайнай прадукцыі, гэта ўжо ажыццяўляецца, але і ў рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў. У прыватнасці, Міхаіл Касько прапанаваў разгледзець такія праекты, як стварэнне на тэрыторыі Беларусі вытворчасцей па выпуску мэблі, мэблевай фурнітуры, паліўных гранул (пелет). У перспектыве можна падысці і да больш буйных праектаў.
Патэнцыял у прадпрыемстваў канцэрна вялікі. Яны мадэрнізавалі свае магутнасці, абсталявалі вытворчасці высокатэхналагічным сучасным абсталяваннем, і цяпер стратэгічнай задачай з'яўляецца іх загрузка на поўную магутнасць.
Сефа Гемденіз адзначыў, што прапановы беларускага боку могуць быць цікавыя для многіх турэцкіх інвестараў, таму Савет, які ён узначальвае, гатовы аказаць садзейнічанне ў правядзенні перамоваў з канкрэтнымі кампаніямі, якія маглі б выступіць партнёрамі для беларускіх прадпрыемстваў.
Бакі абмяняліся кантактамі і дамовіліся ў самы бліжэйшы час вярнуцца да абмеркавання канкрэтных прапаноў па праектах.